BE RU EN

На сайце БДТУ няма беларускай мовы

  • 15.01.2015, 15:49

Сайт адной з найбуйнейшых ВНУ краіны мае раздзелы на дзясяці мовах. Але сярод іх няма дзяржаўнай.

Неабыякавы чытач charter97.org Кірыл Ціхан паведаміў у рэдакцыю аб тым, што яго альма-матэр, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт ігнаруе беларускую мову.

«Сёння зайшоў на сайт ВНУ, якую калісьці скончыў. Ведаеце, вось я як грамадзянін не маю магчымасці даведацца аб навучальнай установе, яго супрацоўніках і факультэтах на роднай мове. Толькі на расейскай. Паглядзеў астатнія сайты ВНУ: БДУ, Акадэмія кіравання. Ва ўсіх ёсць беларускамоўныя версіі сайта. І гэта пры тым, што тэхналагічны ўніверсітэт выпускае рэдактараў (спецыялістаў у выдавецкай справе) і мае ўласную кафедру беларускай філалогіі! Паслаў ім электронную паштоўку. Таксама адправіў запыт у Міністэрства адукацыі. Паглядзім, якая будзе рэакцыя ва «ўлады заможных». Не, ну сур'ёзна, з чаго я раптам павінен чытаць па-руску ў сваёй краіне? У рэшце рэшт, беларуская мова - мова тытульнай нацыі. Нельга так непаважліва ставіцца да беларускай мовы.

Да ўсяго, у перамыкачах моў на расейскай мове - сцяг Расеі. Ужо б хоць бы расейскі сцяг змянілі на дзяржаўны! Ганьба рэктару Іван Жарскаму і распрацоўшчыкам сайта, - абураецца чытач.

Журналіст charter97.org паспрабаваў атрымаць афіцыйны каментар ад прадстаўнікоў універсітэта, аднак пасля неаднаразовага «пераводу стрэлак» з нумара на нумар, атрымаць каментар не ўдалося.

«Ой, пра беларускую мову на сайце - дакладна не да мяне. А адказны за сайт супрацоўнік цяпер у адпачынку, ён у нас адзін», - адзінае, што паведамілі ва ўніверсітэце.

Апошнія навіны