BE RU EN

Вінцук Вячорка: Новае пакаленне беларусаў не хоча быць часткай «рускага свету»

  • 14.01.2015, 15:32

Колькасць праціўнікаў інтэграцыі з Расеяй у Беларусі дасягнула гістарычнага максімуму.

Палітык Вінцук Вячорка ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» назваў некалькі прычын, з якімі гэта звязана.

- Адзначаецца, што колькасць праціўнікаў аб'яднання з Расеяй, дасягнула гістарычнага максімуму на працягу многіх гадоў маніторынгу, які праводзілі сацыёлагі. З чым гэта звязана?

- Па-першае, да такіх сацыялагічных звестак можна ставіцца па-рознаму, але я думаю, што на беларусаў на самай справе вельмі паўплывала ўкраінская трагедыя, напад пуцінскай Расеі на Украіну і спроба разбурыць украінскую дзяржаўнасць пасля таго, як украінцы пачалі відавочна рабіць еўрапейскі выбар і ўцякаць з расейскай геапалітычнай прасторы - інфармацыйнай, эканамічнай і ментальнай. Гэта вельмі паказальнае сведчанне таго, што ад усходняга суседа можна чакаць подласці. І, мяркую, што, нягледзячы на паслядоўную русіфікацыю, маштабы якой можна параўнаць з царскай, савецкай (а паводле некаторых параметраў - і горш, чым савецкай), якую праводзіла беларуская ўлада, працэс нацыянальнай свядомасці ў беларусаў прабіўся праз асфальт. З'явілася новае пакаленне, якое хоча сваёй ідэнтычнасці ў гэтым свеце і ў Еўропе. Якое не хоча быць звычайнай часткай «рускага свету», а імкнецца належаць да еўрапейскай беларускай нацыі. Усё гэта разам і змяняе атмасферу і сілавое поле настрояў у Беларусі.

- А як жа ўплыў расейскай прапаганды, якая затлумляе свядомасць беларусаў?

- Я думаю, што сёння ў Беларусі ёсць значная частка тых, хто банальна не глядзіць тэлебачанне, якое пераважна расейскае. Улады Беларусі не пойдуць на адключэнне агрэсіўных прапагандысцкіх каналаў і спыненне трансляцыі расейскіх серыялаў. Людзі, якія вольныя ад тэлевізійных ін'екцый, карыстаюцца сваімі крыніцамі. І адпаведна фармуюць сваё поле каштоўнасцяў. Гэта надзвычай важна - лячыць нацыю ад расейскай тэлевізіі. Не займацца дэмагогіяй «хай будзе выбар», а разглядаць расейскую інфармацыйную прастору, як інструмент інфармацыйнай вайны.

- Можа быць, на тых беларусаў, якія ўжо не хочуць інтэграцыі з Масквой, паўплываў і эканамічны фактар, бо ўсе бачаць, як Расея падчас крызісу цягне за сабой і Беларусь?

- На мой погляд, на тых, хто ўмее трохі думаць, зрабіла вялікае ўражанне сітуацыя на пераломе гадоў, калі запахла спаленнем зберажэнняў, і людзі зноў завіслі над фінансавай прорвай. Усе ўспомнілі 2011 год, успомнілі запэўніванні ўлады, што нічога не здарыцца. І ўсім стала зразумела: прывязаўшы беларускую эканоміку і нацыянальную грашовую адзінку да дохлага каня, наіўна спадзявацца, што, калі той конь патоне, то за ім не патоне той, хто гвалтоўна да яго прывязаны.

Апошнія навіны