BE RU EN

Легендарны Майк Тайсан можа вярнуцца на рынг

  • 14.01.2015, 12:36

Прамоўтэр Дон Кінг паабяцаў вярнуць на рынг знакамітага амерыканскага баксёра Майка Тайсана.

Праўда, з адной умовай - калі канадзец Бермэйн Стыверн абароніць тытул чэмпіёна свету паводле версіі Сусветнага баксёрскага савета (WBC) у суперцяжкай вазе ў паядынку з амерыканцам Дыантэем Уайлдарам.

Як паведамляе ТАСС, гэты бой пройдзе 17 студзеня ў Лас-Вегасе (ЗША, штат Невада). «Калі Бермэйн пераможа, мы паспрабуем вярнуць Тайсана на рынг і зладзіць бой паміж імі, - заявіў сайту BoxingScene Дон Кінг, які прадстаўляе інтарэсы Стыверна і які раней працаваў з Тайсанам. - Паядынак пройдзе пад шыльдай «Вяртанне да славы». Суперцяжкая вага зноў у цэнтры ўвагі. Гэта адзін з самых значных баёў за апошнія гады».

Тайсан, якому зараз 48 гадоў, завяршыў кар'еру ў 2005 годзе. У яго паслужным спісе 50 перамог (44 накаўтам), 6 паражэнняў. Ён двойчы станавіўся персанажам Кнігі рэкордаў Гінэса: за найбольшую колькасць самых хуткіх накаўтаў і за тое, што стаў самым маладым чэмпіёнам свету ў цяжкай вазе. Амерыканец таксама прызнаны адным з лепшых прадстаўнікоў гэтага віду спорту сучаснасці па-за залежнасці ад вагавых катэгорый.

У канцы 90-х гадоў Тайсан спрабаваў сябе ў рэстлінгу. У 1992-1995 гадах баксёр адбыў тры гады турэмнага зняволення за згвалтаванне. У 1997-м адкусіў падчас бою кавалачак вуха ў Эвандэра Холіфілда.

Фота: WireImage

Апошнія навіны