BE RU EN

Сустрэча аб Украіне ў «нармандскім фармаце» пройдзе ў Астане

  • 12.01.2015, 19:52

Лідары Расеі, Украіны, Францыі, Нямеччыны сустрэнуцца 15 студзеня ў сталіцы Казахстана.

Галоўнай тэмай сустрэчы будзе прадаўжэнне вераснёўскага рашэння ў Менску ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, паведамляюць «Белорусские новости». У прыватнасці, пра вывядзенне з тэрыторыі Украіны незаконных узброеных фарміраванняў, цяжкай вайсковай тэхнікі, абмен ваеннапалоннымі і г.д. Будуць паднятыя пытанні дээскалацыі - паслаблення і знішчэння ўзброенага канфлікту і імплементацыі - практычнай рэалізацыі міжнароднага права ва Украіне.

Зразумела, у якасці пасярэдніка ва ўрэгуляванні канфлікту выступае казахстанскі бок. Нагадаем, што прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, наведаўшы з афіцыйным візітам у снежні Кіеў, аднавіў вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай. Вугаль з Экібастуза ўкраінцам стаў вельмі дарэчы да зімовых халадоў. Не за гарамі і сумесныя касмічныя праекты. І абодва бакі зацікаўленыя, перш за ўсё, у паскарэнні мірнага працэсу ў Данбасе.

«Гэты візіт - своечасовы і важны», - падкрэсліў у сваім выступе прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, а 29 снежня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве агучыў дату маючай адбыцца сустрэчы ў Казахстане - 15 студзеня.

З невялікай агаворкай выказаўся пра паездку прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд: «Я паеду ў Астану 15 студзеня пры адзінай умове - што мы зможам дамагчыся новага прагрэсу... І я думаю, што ён будзе».

Больш абцякальнай была заява прэс-сакратара міністра замежных спраў ФРГ: «Мы ўсе зацікаўленыя ў хутчэйшай стабілізацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны і рэалізацыі менскіх дамоўленасцей. І мы вітаем кожнага, хто можа садзейнічаць пераадоленню канфлікту, асабліва тых, хто мае добрыя сувязі і рэгіянальную кампетэнцыю». Увогуле, ці прыляціць канцлер ФРГ Ангела Меркель у Астану, было невядома да апошняга моманту.

Вялікія сумневы ўзнікалі і аб прыездзе ў Астану прэзідэнта Расеі. Бо менавіта ў Нармандыі пры першай асабістай сустрэчы Пётр Парашэнка не падаў руку Уладзіміру Пуціну. Пасля непрацяглай гутаркі поціск рукі двух прэзідэнтаў усё ж адбыўся ў прысутнасці лідараў Францыі і Нямеччыны, але выраз «нармандскі фармат» увайшоў у абарот і ўкараніўся ў СМІ.

Такім чынам, пляцоўка для перамоў саміту чацвёркі ў Астане гатовая. І спадзяемся, як заўважыў у сваім выступе экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс: «Заўсёды лепш дыялог і перамовы, чым аўтаматы і вінтоўкі, да якіх сітуацыя, на жаль, прывяла». Ці стане казахстанская зямля добрай для спынення ваеннага канфлікту ва Украіне? Чакаць адказу на гэтае пытанне засталося нядоўга.

Апошнія навіны