BE RU EN

У Google Translate з'явіцца сінхронны пераклад мовы

  • 12.01.2015, 16:11

Google рыхтуецца прадставіць функцыю сінхроннага перакладу мовы ў сваім дадатку Google Translate для Android-прылад.

Пра гэта паведамляе The New York Times. Чакаецца, што абнаўленне ў хуткім часе з'явіцца ў Google Play.

Дадатак зможа распазнаваць вусную мову на некалькіх мовах, а пераклад зробіць у тэкставым выглядзе. Як адзначае The Verge, такая опцыя ўжо прысутнічае ў Google Translate, аднак на гэты раз чакаецца, што пераклад будзе весціся практычна без затрымак, піша Lenta.ru.

У снежні мінулага года кампанія Microsoft прадставіла аналагічную функцыю ў тэставым рэжыме для Skype Translator. Яна дазваляе сінхронна перакладаць размову ў час галасавых званкоў. Пакуль што новаўвядзенне падтрымлівае толькі дзве мовы - гішпанскую і ангельскую.

Google таксама плануе прадставіць сэрвіс для аўтаматычнага перакладу тэкстаў на дарожных знаках і шыльдах. Карыстальнік зможа даведацца значэнне іншамоўных надпісаў з дапамогай навядзення камеры на таблічкі. Такая тэхналогія ўжо рэалізаваная ў дадатку Word Lens, даступным для Android, iOS і акуляраў дапоўненай рэальнасці Google Glass. Раней Google набыла кампанію, якая адказвае за распрацоўку Word Lens, - Quest Visual. Перакладаць надпісы таксама ўмее дадатак TextGrabber + Translator расейскай кампаніі ABBYY.

Апошнія навіны