BE RU EN

Непаўналетняга жыхара Кобрына пакаралі за кветкі Каліноўскаму

  • 11.01.2015, 11:15

Непаўналетні Антон Мех атрымаў папярэджанне за ўскладанне кветак да помнікаў паўстанцаў Каліноўскага.

Ён вучыцца ў Польшчы, і на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі ў справах непаўналетніх прысутнічаў па даверанасці ягоны бацька, грамадскі актывіст Аляксандр Мех. Намеснік старшыні камісіі Аляксандр Кананчук прыгразіў, што ў выпадку ўхілення Антона Меха ад адміністрацыйнага працэсу, будзе дадзены загад, каб яго затрымалі на мяжы пасля вяртання з вакацый і калядных святаў, піша сайт ПЦ «Вясна».

На пасяджэнне камісіі прыязджалі сведкі-міліцыянты Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня са Свіслачы. Былі прагледжаныя відэаматэрыялы, якія каментавалі свіслацкія праваахоўнікі, даказваючы, што ў Свіслачы адбылося несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Са слоў Аляксандра Меха, ён тлумачыў, што ў Свіслачы ўдзельнікі ўшанавання не мелі мэтай правядзенне масавага сходу, людзі пераходзілі ад аднаго помніка да іншага па тратуары.

У выніку разгляду справы Антось Мех быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння - удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і атрымаў папярэджанне.

Сам Аляксандр Мех быў пакараны за ўдзел ва ўшанаванні герояў-паўстанцаў судом Кобрынскага раёна штрафам у 10 базавых велічынь.

Апошнія навіны