BE RU EN

40 жыхароў Ганконга публічна пагаліліся ў знак пратэсту супраць палітыкі КНР

  • 9.09.2014, 19:26

У Ганконгу 40 чалавек публічна абстрыглі сабе валасы ў знак пратэсту супраць узмацнення ўплыву Пекіна.

Са слоў удзельнікаў акцыі, для кітайца валасы маюць вялікае значэнне, але яны пагадзіліся расстацца з імі і такім чынам паказаць сваю рашучасць ісці на ахвяры дзеля дэмакратыі. Незадаволенасць пратэстоўцаў выклікаў новы закон, паводле якога ўдзельнікі гарадскіх выбараў 2017 павінны быць адобраныя прапекінскім камітэтам, перадае BBC.

http://static.movideo.com/flash/movideo_player.swf

Раней паведамлялася, што ўлады Кітая выключылі магчымасць адкрытага вылучэння кандыдатаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі Ганконга. З іх слоў, двух-трох кандыдатаў павінен будзе вылучыць камітэт, у якім "шырока прадстаўленыя ўсе пласты насельніцтва" горада. Палітолагі мяркуюць, што ў выніку на выбарах у Ганконгу будуць прадстаўленыя толькі лаяльныя Пекіну кандыдаты, гаворыцца ў публікацыі.

1 ліпеня ў Ганконгу - у гадавіну перадачы гэтай былой брытанскай калоніі пад суверэнітэт Кітая ў 1997 годзе - прайшоў штогадовы шматтысячны марш з патрабаваннем абіраць кіраўніка гарадской адміністрацыі ўсеагульным наўпроставым галасаваннем. Са слоў арганізатараў маршу, у 2014 годзе на яго выйшла рэкордная колькасць удзельнікаў - больш за паўмільёна чалавек. Паліцыя налічыла менш за 100 тысяч дэманстрантаў.

Пасля маршу сотні маніфестантаў зладзілі начную сядзячую акцыю пратэсту ў дзелавым квартале горада. Паліцыя абвясціла гэтую акцыю несанкцыянаванай і арыштавала больш за 500 пратэстоўцаў.

Раней, у чэрвені, грамадзянскія актывісты правялі неафіцыйны рэферэндум у Ганконгу з нагоды таго, як абіраць кіраўніка гарадской адміністрацыі. У плебісцыце ўзялі ўдзел амаль 800 тысяч чалавек, але адміністрацыя Ганконга заявіла, што вынікі галасавання не маюць юрыдычнай сілы, а Пекін назваў рэферэндум "незаконным фарсам".

Апошнія навіны