BE RU EN

Жыхароў Севастопаля напояць вадой са сметніка

  • 9.09.2014, 16:09

Акупацыйныя ўлады Севастопаля прыдумалі новае развязанне праблемы забеспячэння гараджан пітной вадой.

Са слоў дырэктара "Севгорводоканала" Мікалая Перагудава, новы план заключаецца ў перакідванні вады з возера побач з гарадскім сметнікам у Інкерманскім раёне ў возера гары Гасфорта, а таксама "рэанімаванні" свідравін Арлоўскага водазабору, закансерваванага праз непрыдатнасць вады яшчэ ў 1980-х гадах, паведамляе РІА "Новы Рэгіён".

Мясцовыя экспэрты ў водных рэсурсах б'юць трывогу. "Інкерманскі кар'ер аж да 1990-х гадоў мінулага стагоддзя выкарыстоўваўся для пахавання дзындру са смеццепаліўнага завода, таму якасць вады ў ім пад вялікім пытаннем", - заявіў агенцтву неназваны спецыяліст. З ягоных слоў, вада ў павярхоўным пласце вадаёма адпавядае стандарту, але пробы вады з ніжніх слаёў на прадмет утрымання ў вадзе такіх рэчываў, як ртуць, мыш'як і іншых рэчываў, ніколі не рабіліся.

Таксама агенцтва з недаверам ставіцца і да заяваў "Севгорводоканала" аб перакідцы вады ў возера гары Гасфорта, бо гэты вадаём, са слоў спецыялістаў, таксама знаходзіцца ў зоне рызыкі экалагічнага забруджвання.

З нагоды заявы водаканала аб атрыманні 25 тысяч кубаметраў з Арлоўскага водазабору, спецыялісты патлумачылі, што ў 1980-х гадах гэты водазабор закансервавалі праз салёнасць, а "інтэнсіўная нагрузка цяпер на гэты водазабор таксама мяркуе пагаршэнне якасці вады, што робіць немагчымым яе выкарыстанне для пітных патрэб".

Экспэрты падкрэсліваюць, што "гэтая галіна патрабуе сур'ёзных даследаванняў", а бязладнасць і імкненне ўладаў адрапартаваць аб развязанні праблемы з водазабеспячэннем да выбараў 14 верасня можа выйсці бокам 350 тысячам жыхароў Севастопаля.

У канцы жніўня "в.а. губернатара Севастопаля" Сяргей Мяняйлаў запэўніваў, што цяжкасцяў з падачай пітной вады ў горад не будзе. "У нас ёсць рэзервовыя крыніцы - Чорнае возера ў Балаклаве, - растлумачыў кіраўнік рэгіёну - на крайні выпадак ёсць дамоўленасць з Міністэрствам абароны аб пракладцы дадатковага трубаправода".

Але экспэрты сцвярджаюць, што ў раёне Балаклавы ніякіх азёр няма, а ёсць некалькі штучных вадаёмаў: адзін у кар'еры Кадыкоўка каля былой вёскі Кады-Кой, другі - у Сухарэчанскім кар'еры каля горы Гасфорта.

Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць, што аб альтэрнатыўных крыніцах водазабеспячэння можна казаць, толькі абапіраючыся на звесткі гідрагеалагічных даследаванняў, а яны апошні раз праводзіліся ў Севастопальскім раёне ў 1970 годзе.

Галоўнай крыніцай пітной вады для Севастопаля з'яўляецца Чарнарэчанскае вадасховішча, але запасаў у ім, як паведамлялася, усяго на пару месяцаў. Гарадскія ўлады разглядаюць сітуацыю з водазабеспячэннем "насцярожваючай, якая выклікае заклапочанасць, але не надзвычайнай".

Апошнія навіны