Прэм'ер Фінляндыі патлумачыў адмову падтрымаць санкцыі супраць РФ
- 9.09.2014, 12:39
Фінляндыя падтрымлівае санкцыі супраць Расеі, аднак у яе ёсць пытанне адносна тэрмінаў іх уваходжання ў дзеянне.
Пра гэта прэм'ер-міністр краіны Аляксандр Стуб заявіў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак увечары, паведамляе «Украинская правда» са спасылкай на YLE.
Са слоў чыноўніка, у Брусэлі дагэтуль вядуцца перамовы аб тэрмінах увядзення санкцый. Як адзначыў Стуб, расейска-ўкраінскія перамовы прасунуліся, і, згодна з паведамленнямі АБСЕ, перамір'е на ўсходзе Украіны падтрымліваецца.
«Уваходжанне ў дзеянне пагаднення аб спыненні агню адноснае. Дакумент змяшчае 12 пунктаў. Блізу 30-40% ужо рэалізавана», - сказаў ён.
Гаворачы аб будучых санкцыях супраць Расеі, Стуб адзначыў, што прамы эфект не вельмі значны для Фінляндыі.
«Аднак я занепакоены ўскоснымі эфектамі, а таксама магчымымі контрсанкцыямі Расеі», - сказаў ён.
Нагадаем, планавалася, што Санкцыйную пастанову апублікуюць «не пазней за аўторак». Аднак пасля адна з краін ЕЗ - Фінляндыя - не падтрымала пастанову. Краінам-сябрам ЕЗ давялося тэрмінова дамаўляцца аб новых дэталях увядзення санкцый у дзеянне.