BE RU EN

Самалёты ВПС РФ наблізіліся на 300 метраў да канадскага карабля

  • 9.09.2014, 9:04

Міністэрства абароны Канады абвінаваціла Расею ў правакацыі ў Чорным моры.

Расейскія самалёты, паводле ягоных звестак, учынілі аблёт канадскага вайсковага карабля Toronto падчас вучэнняў NATO ў Чорным моры, пішуць РІА «Новости». Міністэрства паведамляе, што інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 7 верасня, падчас вучэнняў Сі Брыз-2014.

«Хоць расейская вайсковая авіяцыя, што зрабіла кругавыя аблёты над HMCS Toronto, ні ў якой форме не пагражала канадскаму караблю, яе дзеянні былі неапраўдана правакацыйнымі і стваралі рызыку эскалацыі напружанасці», - заявіў міністр абароны Канады Роб Нікалсан.

Паводле звестак крыніц канадскай газеты Globe and Mail ва ўрадзе Канады, у нядзелю два расейскіх Су-24 і адзін выведвальны Ан-26 зрабілі нізкі палёт над караблём канадскіх ВМС Toronto, калі ён браў удзел у Сі Брыз-2014. Адзін з самалётаў, паводле звестак крыніцы, апусціўся на вышыню 300 метраў. «Мы чакалі гэтага», - заявіў выданню супрацоўнік мінабароны Канады.

Нагадаем, у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора стартавалі ўкраінска-амерыканскія вучэнні Сі Брыз-2014. Акрамя Украіны і ЗША, у вучэннях удзельнічаюць Гішпанія, Канада, Румынія і Турцыя. Акрамя гэтага, Францыя, Швецыя, Нарвегія і Грузія накіравалі на Сі Брыз-2014 сваіх вайскоўцаў у якасці назіральнікаў.

Апошнія навіны