BE RU EN

Мядзведзеў прыгразіў Украіне адключэннем электраэнэргіі

  • 8.09.2014, 10:32

Расейскі прэм'ер пагражае зачыніць неіснуючы экспарт электраэнэргіі ва Украіну.

Кіраўнік урада РФ Дзмітрый Мядзведзеў не выключае спынення паставак электраэнэргіі з Расеі ва Украіну. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю выданню «Ведомости».

Са слоў Мядзведзева, у выпадку калі Украіна будзе абмяжоўваць пастаўкі электраэнэргіі ў Крым, то Расея будзе дзейнічаць сіметрычна. «Мы павінны стварыць аўтаномную энэргетыку, завязаную на Расею. Улічваючы, што Крым – энэргадэфіцытная тэрыторыя, гэта таксама становіцца фактарам у палітычнай гульні. Хоць у жыцці ўсё складаней: асобныя часткі Украіны таксама энэргадэфіцытныя і атрымліваюць электраэнэргію з Расеі. І той, хто прымае не вельмі разумныя пастановы аб абмежаванні паставак энэргіі ў Крым, павінен разумець, што магчымыя сіметрычныя меры», - адзначыў расейскі прэм'ер.

Нагадаем, раней паведамлялася, што праз дэфіцыт вугалю дзяржаўная кампанія ў замежнаэканамічнай дзейнасці Укрінтэрэнерга можа цалкам адключыць лініі ў Крым, піша liga.net.

31 жніўня ў Крыме адбылося маштабнае адключэнне электраэнэргіі. Без святла засталіся буйныя гарады паўвыспы - Керч, Кактэбель, Ялта, Севастопаль і некаторыя наваколлі Сімферопаля. У Крымэнэрга паведамілі, што гэта адбылося праз абмежаванні падачы электраэнэргіі з Украіны.

Спажыванне электраэнэргіі ў звычайным рэжыме ў Крыме складае блізу 1,2 ГВатт. Уласная генерацыя забяспечвае патрэбнасці насельніцтва і прамысловасці менш чым на 20%. У рэгіёне дзейнічаюць усяго чатыры ЦЭЦ і некалькі сонечных электрастанцый. Астатнія 80% электраэнергіі паступаюць на паўвыспу з мацерыковай Украіны.

Фактычна Украіна не імпартуе электраэнэргію з РФ. Адзіным энэргадэфіцытным рэгіёнам Украіны з'яўляецца Адэская вобласць. Гэты дэфіцыт пакрываецца за кошт ператокаў электраэнергіі з Малдаўскай ДРЭС, размешчанай у Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы і якая належыць расейскай Интер РАО ЕЭС.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны