BE RU EN

Дональд Туск: Нельга верыць тэрарыстам, за якімі стаіць Расея

  • 5.09.2014, 17:29

Расея не выконвае абавязацельствы або дамоўленасці.

Абраны на пасаду прэзідэнта Рады Еўрапейскага саюза прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск асцярожна ацэньвае абвешчаныя сёння ў Менску дамоўленасці аб спыненні агню ў Данбасе і заклікае дачакацца іх увасаблення ў жыццё, паведамляе УНІАН.

«Расейская палітыка ў дачыненні да Украіны характарызавалася рэзкай зменай сцэнароў, невыкананнем абавязацельстваў або дамоўленасцей. Давайце пачакаем яшчэ трохі, каб пераканаўча казаць, што гэта пераломны момант», - сказаў Туск, паведамляе РАР.

«Мы павінны быць асцярожнымі ў ацэньванні гэтай падзеі», - дадаў ён, адзначыўшы, што нельга на 100% верыць таму, што падпісваюць тэрарысты, за якімі стаіць Расея.

Туск таксама паведаміў, што нядаўна размаўляў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і кіраўніком украінскага ўрада Арсеніем Яцэнюком, якія, з ягоных слоў, прадэманстравалі гатоўнасць да «рацыянальных і спакойных размоваў» на тэму міру на Данбасе.

«Украінскія лідары робяць усё, каб не было вайны», - сказаў Туск і выказаў надзею, што сённяшнія дамоўленасці сапраўды прывядуць да яе спынення.

Нагадаем, Парашэнка заявіў, што ў Менску падпісаны папярэдні пратакол да пагаднення аб спыненні агню. Дакумент падпісаны на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы. АБСЕ ў Менску прадстаўляе Хайдзі Тальявіні, Украіну - экс-прэзідэнт Леанід Кучма, Расею - пасол ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Ад тэрарыстаў прыехаў самаабвешчаны «прэм'ер-міністр» так званай «ДНР» Аляксандр Захарчанка. Пазней Парашэнка аддаў загад начальніку Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны спыніць агонь у зоне АТА сёння, пачынаючы з 18.00.

Апошнія навіны