BE RU EN

Лукашэнка паставіў крыж на сваім абяцанні аб заробку

  • 30.09.2014, 9:19

«Трэба паступова беларусаў схіляць да таго, што дзяржава дапаможа, але лепш разлічваць на сябе», - заявіў кіраўнік.

Несуцяшальны прагноз пра перспектывы росту заробкаў Лукашэнка зрабіў падчас сустрэчы з сябрамі Савета «палаты прадстаўнікоў», піша «Салідарнасць».

- Я, як і вы, вельмі зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць насельніцтва. Але я публічна і часам у жорсткай форме звяртаю ўвагу на тое, што дзяржава не ствараецца для таго, каб карміць каго-небудзь, хто не вельмі хоча на сябе працаваць, - заявіў Лукашэнка. - Нашы людзі, хто хоча, могуць жыць добра. Трэба паступова беларусаў схіляць да таго, што дзяржава дапаможа, але лепш разлічваць на сябе.

Правадыр распавёў, чаму ў цяперашняй сітуацыі не варта разлічваць на вялікі рост заробкаў і хто, на ягоную думку, у гэтым вінаваты:

- Трэба мець на ўвазе, што мы цяпер перажываем не лепшыя часы ў сувязі з зацяжным эканамічным крызісам. Гэта нават не крызіс, - асобныя дзяржавы нахіляюць увесь свет, каб развязаць некаторыя праблемы.

Вядома, нам цяжка супраціўляцца. Нам трэба прыстасавацца і выжыць у гэтай сітуацыі. Таму весці сёння размову аб павелічэнні заработнай платы не прыходзіцца. Гэты перыяд трэба спакойна перажыць. Хоць патрошку мы спрабуем у гэтай сітуацыі дапамагчы людзям.

Гэта прызнанне Лукашэнкі рэзка кантрастуе з раней дадзенымі ім абяцаннямі. Упершыню ён паабяцаў беларусам сярэдні заробак у суме 1000 даляраў яшчэ ў 2008 годзе:

- Заработная плата, эквівалентная 500 далярам, нас ужо не задаволіць, у гэтай пяцігодцы трэба выходзіць на 700, а магчыма, і набліжацца да 1000 даляраў.

Падкрэслім: гаворка ішла пра тое, што сярэдні заробак павіны быў дасягнуць вышэйзгаданых рубяжоў ужо ў 2010 годзе. Але тады замест грошай грамадзяне атрымалі толькі чарговыя абяцанні. Сума заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінна наблізіцца да 1000 даляраў у эквіваленце, заявіў Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе.

Зрэшты, незалежныя эксперты ўжо досыць даўно загаварылі аб адсутнасці ва ўладаў неабходных рэсурсаў для гэткага істотнага росту заробкаў. А цяпер, мабыць, надышла чарга і Лукашэнку прызнаць відавочнае. Сказаўшы, што «весці гаворку аб масаваным павелічэнні заработнай платы не даводзіцца», кіраўнік дзяржавы, у сутнасці, паставіў крыж на сваім абяцанні што да тысячадаляравага сярэдняга заробку.

Апошнія навіны