BE RU EN

Прэс-служба Парашэнкі ўдакладніла: З Пуціным дамовіліся пра «рэжым спынення агню»

  • 3.09.2014, 11:31

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абмеркаваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным па тэлефоне сітуацыю ў Данбасе.

Як гаворыцца ў новым паведамленні прэс-службы Пятра Парашэнкі, вынікам размовы стала дамоўленасць «аб рэжыме спынення агню ў Данбасе». Таксама было дасягнутае «паразуменне што да крокаў, якія будуць спрыяць усталяванню міру».

Раней прэс-служба распаўсюдзіла паведамленне, у якім адзначалася, што прэзідэнты дамовіліся «аб пастаянным спыненні агню ў Данбасе».

«Вынікам размовы стала дамоўленасць аб пастаянным спыненні агню ў Данбасе. Было дасягнутае паразуменне што да крокаў, якія будуць спрыяць усталяванню міру», - гаварылася ў паведамленні.

Пасля гэтага прэс-сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў у гутарцы з інфармацыйнымі агенцтвамі, у тым ліку «РІА Новости», што прэзідэнты абмяркоўвалі шляхі ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, аднак гаворкі пра якія-небудзь дамоўленасці не было, паколькі «Расея не з'яўляецца стараной канфлікту».

У сваю чаргу, баевікі «ДНР» заявілі, што не спыняць агонь, пакуль у Данбасе знаходзяцца ўкраінскія войскі. Пра гэта сказаў «кіраўнік міжнароднай інфармацыйнай службы палітаддзела Мінабароны ДНР» Уладзіслаў Брыг. З ягоных слоў, баевікі сумняюцца, што ўсе ўкраінскія падраздзялення, якія ўдзельнічаюць у сілавой спецаперацыі на ўсходзе краіны, падпарадкуюцца пастанове прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб бестэрміновым спыненні агню ў рэгіёне, паколькі ён «не ўсіх кантралюе».

Фота: Reuters

Апошнія навіны