BE RU EN

Лукашэнка спалохаўся росту коштаў расейскай нафты

  • 29.09.2014, 21:12

Падатковы манеўр Расеі прывядзе да значных фінансавых страт для беларускага рэжыму.

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 верасня на сустрэчы з чальцамі Савета «палаты прадстаўнікоў».

Пра гэта charter97.org паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка.

«Мы накіравалі групу спецыялістаў на чале з Уладзімірам Сямашкам, які вядзе перамовы на гэтую тэму. Калі такі крок будзе зроблены з боку Расейскай Федэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаванні цяперашняга Саюза. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся аб іншым. Па-другое, калі робяцца нейкія дзеянні ў адным кірунку, значыць, трэба, каб у іншым была кампенсацыя. Гэта прыстойныя грошы, якія мы ні ў якім выпадку не павінны губляць», - падае словы Лукашэнкі прэс-служба дыктатара.

«Калі нас пачынаюць папракаць, тады давайце так: мы задумалі Мытны саюз, затым Еўразійскі саюз - давайце яго пабудуем на класічных прынцыпах. Дзесьці мы губляем, дзесьці Расея, Казахстан. Але гэтая арганізацыя наогул класічна не прымае ніякіх выняткаў і абмежаванняў, - адзначыў Лукашэнка. - Зразумела - камусьці нявыгадна. Многае камусьці нявыгадна. Але мы дамовіліся, і гэтыя дамоўленасці трэба выконваць. Гэта нашая пазіцыя».

Як паведамлялася раней, у Дзярждуму Расеі паступіў законапраект аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, які прадугледжвае правядзенне так званага падатковага манэўру ў нафтавай галіне (рэзкае зніжэнне экспартных мыт нафты і нафтапрадуктаў і адначасова з гэтым значнае падвышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў).

Беларускія НПЗ мяркуюць, што падатковы манеўр можа прычыніцца да істотнага росту ўваходнага кошту для Беларусі на расейскую нафту.

Апошнія навіны