Італія апячатала вілы сына Азарава
- 23.09.2014, 21:14
Разам з нерухомасцю расейскага алігарха Аркадзія Ратэнберга ў Італіі былі замарожаныя актывы сына экс-прэм'ера Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве Фінансавай гвардыі, вайсковай філіі мінфіна Італіі, што ёсць у распараджэнні ІТАР-ТАСС.
За Азаравым ў Італіі лічацца актывы, кіраваныя ягонай аўстрыйскай групай Garda Handels- und Beteiligungs GmbH, якая кантралюе італійскую кампанію Agosto 2012 srl.
Як піша агенцтва, сярод апячатанай маёмасці - вілы і зямельныя дзялянкі на Сардыніі, у ваколіцах Олбіі (Смарагдавы бераг), адзначаецца ў заяве.
Як падкрэсліваюць у Фінансавай гвардыі, адпаведныя дзеянні ў дачыненні да Аляксея Азарава, які называецца расейскім грамадзянінам, звязаныя з распачатым у дачыненні да яго на Украіне расследаваннем паводле фактаў крадзяжу сродкаў дзяржаўных фондаў і незаконным пералічэнні іх за межы краіны.
Нагадаем, у аўторак стала вядома, што Італія заарыштавала вілы Аркадзія Ратэнберга на Сардыніі і належны бізнэсоўцу гатэль у Рыме ў сувязі з санкцыямі Еўразвязу ў дачыненні да Расеі.