BE RU EN

The Wall Streeet Journal: ЕЗ рыхтуецца да новай сутычкі з РФ за Украіну

  • 23.09.2014, 15:04

Еўразвяз, падобна, рыхтуецца да новай сутычкі з Расеяй за пагадненне аб асацыяцыі з Украінай.

Пасля таго, як Брусэль пагадзіўся на саступкі што да ўваходжання ў дзеянне пагаднення, Масква вылучыла новыя ўмовы, піша The Wall Street Journal (пераклад - Цензор.нет).

Паводле звестак выдання, міністр эканомікі Расеі Аляксей Улюкаеў адправіў Еўракамісіі ліст, у якім апісаная расейская інтэрпрэтацыя дамоўленасцей паміж Масквой, Брусэлем і Кіевам у выкананні эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі.

Крэмль заявіў, што пакідае за сабой права ўвесці жорсткія эканамічныя меры супраць Украіны. А таксама патрабуе, каб Кіеў ні ў якім разе не імплементаваў ні эканамічную, ні палітычную частку пагаднення з ЕЗ. Акрамя таго, Масква патрабуе новых перамоваў што да дамоўленасцей паміж ЕЗ і Украінай.

Крэмль сцвярджае, што менавіта пра гэта нібыта дамовіўся з Брусэлем і Кіевам, а не аб адтэрміноўцы стварэння зоны свабоднага гандлю.

У ЕЗ заяўляюць, што не збіраюцца перапісваць пагадненне аб асацыяцыі з Украінай. Еўракамісар у пытаннях пашырэння Штэфан Фюле паабяцаў, што Кіеў і Брусэль хутка разам дадуць адказ Крамлю на яго патрабаванні.

З ягоных слоў, Масква ставіць умовы, пра якія сапраўды ніхто не дамаўляўся.

"Вы можаце параўнаць тэкст дамоўленасцей з лістом з Расеі. Інтэрпрэтацыя Масквы - гэта нешта зусім іншае, з паралельнай рэальнасці", - сказаў Фюле.

Ён дадаў, што ЕЗ і Украіна шукаюць рэальныя развязанні, Расеі лепш "пакінуць свой віртуальны свет" і таксама далучыцца да гэтага працэсу.

Нагадаем, што Расея збіраецца выпраўляць ужо ратыфікаванае пагадненне аб асацыяцыі.

Апошнія навіны