BE RU EN

Выведка ЗША выявіла пагрозу больш сур'ёзную, чым «Ісламская дзяржава»

  • 21.09.2014, 11:07

Сірыйская групоўка «Харасан» з’ўяўляецца больш сур'ёзнай пагрозай бяспецы ЗША, чым «Ісламская дзяржава».

Аб гэтым піша The New York Times са спасылкай на крыніцы ў выведцы і праваахоўных органах, паведамляе РБК.

Чыноўнікі распавялі выданню, што групоўка «Харасан», якая ўзнікла ў 2013 годзе, будзе, найбольш імаверна, накіраваная на ўчыненне тэрактаў у ЗША ды іншых краінах. Ёй кіруе былы паплечнік Асамы бін Ладэна - Мухсін аль-Фадлі, за галаву якога Дзярждэпартамэнт ЗША ў 2012 годзе прызначыў узнагароду $ 12 млн.

Мяркуецца, што аль-Фадлі быў адным з вузкага кола, хто ведаў пра падрыхтоўку тэракту ў Нью-Ёрку 11 верасня 2001года. Акрамя таго, ЗША, Савудаўская Арабія і Кувэйт падазраюць яго ў фундаванні «Аль-Кайды» і забеспячэнні ваеўнікамі-навабранцамі ісламісцкіх груповак у Сірыі, Іраку і Афганістане.

Суразмоўцы газэты адзначаюць, што «Харасан» можа складацца з чальцоў «Аль-Кайды» з Блізкага Ўсходу, а таксама з Паўночнай Афрыкі і Паўднёвай Азіі. Пры гэтым пакуль застаецца незразумелым, хто ўваходзіць у склад групоўкі акрамя самога аль-Фадлі.

Паводле звестак амэрыканскай выведкі, цяпер 33-гадовы аль-Фадлі знаходзіцца ў Сірыі. Раней ён доўгі час пражываў у Іране разам з невялікай групай ваеўнікоў «Аль-Кайды», якія ўцяклі ў гэтую краіну з Афганістана пасля тэракту 11 верасня. Урад Ірана сцвярджаў, што ваеўнікі знаходзяцца пад хатнім арыштам, але дакладныя абставіны іхняга знаходжання ў краіне нікому не вядомыя. Пакрысе шмат хто з іх перабраўся ў Пакістан, Сірыю ды іншыя дзяржавы.

Дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпэр выказаў меркаванне, што «з пункту гледжання пагрозы на нашай [амэрыканскай] тэрыторыі «Харасан» можа мець такую ж небяспеку, як і «Ісламская дзяржава». Прадстаўнікі Белага дома і ЦВА ад камэнтароў адмовіліся.

Былы высокапастаўлены чыноўнік з ліку амэрыканскіх вайскоўцаў заявіў, што ў Сірыю з усяго свету з'язджаюцца ваеўнікі і ствараюць «нефармальныя» групоўкі ў раёнах, якія не кантралююцца нікім, у тым ліку «Ісламскай дзяржавай» і «Фронтам ан-Нусра», некалі самай баяздольнай адзінкай сірыйскіх ісламістаў.

Экспансія «Ісламскай дзяржавы» на Блізкім Усходзе, піша газэта, падважыла моц «Фронту ан-Нусра», мноства ваеўнікоў якога перайшлі да «канкурэнтаў», што здзейснілі іхнюю даўнюю мару - абвяшчэнне «халіфата». Шэраг амэрыканскіх чыноўнікаў уважаюць «Харасан» за філію «Фронту ан-Нусра».

Аналітык вашынгтонскага Інстытута вывучэння вайны Джэніфэр Кафарэла мяркуе, што ўдары ВПС ЗША па пазіцыях ваеўнікоў «Ісламскай дзяржавы» могуць прынесці карысць «Фронту ан-Нусра», калі Вашынгтон не падрыхтуе глебу для сілы, якая будзе гатовая ўзяць у свае рукі ўладу на вызваленай ад ісламістаў тэрыторыі.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама 11 верасня заявіў, што Амерыка збірае шырокую кааліцыю дзяржаў для барацьбы з ІДІЛ. Пры гэтым ЗША не ладзяцца праводзіць наземную аперацыю, але гатовыя наносіць авіяўдары па пазіцыях ваеўнікоў як у Іраку, так і ў Сірыі. Да 11 верасня ВПС ЗША нанеслі блізу 150 удараў па месцах дыслакацыі тэрарыстаў.

«Ісламская дзяржава» - тэрарыстычная ісламісцкая арганізацыя, утвораная ў 2006 годзе, якая аб'явіла сваёй мэтай стварэнне суніцкай дзяржавы на тэрыторыі Сірыі, Лібіі ды Ірака. Хрыбет арганізацыі склалі больш за 10 радыкальных ісламісцкіх груп, якія аб'ядналіся вакол мясцовай суполкі «Аль-Кайды».

У 2013 годзе ваеўнікі ІДІЛ пачалі вайну, выступіўшы на баку антыўрадавых сіл у Сірыі. Улетку 2014 года яны распачалі шырокі наступ у Іраку, захапіўшы гарады Тыкрыт і Масул і падышоўшы ўсутыч да Багдаду.

30 чэрвеня 2014 года ваеўнікі абвясцілі аб стварэнні «халіфата» у захопленых імі рэгіёнах Сірыі і Ірака. Кіраўніком дзяржавы і «лідэрам усіх мусульман» ісламісты абралі свайго камандзіра Абу Бакра Аль-Багдадзі. Тэрыторыя «халіфата» сягае ад сірыйскага горада Алепа да ірацкай правінцыі Дыяла.

Апошнія навіны