BE RU EN

Вацлаў Арэшка: Лукашэнка - носьбіт і агітатар «рускага свету»

  • 18.09.2014, 18:54

Толькі беларускае грамадства зможа забяспечыць заслон «рускаму свету» ў нашай краіне.

Пра гэта заявіў грамадскі дзеяч, чалец аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларускi рух» Вацлаў Арэшка, паведамляе БелаПАН.

На пасяджэнні круглага стала «Грамадзянская супольнасць на абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі» Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый 18 верасня ў Менску ён сказаў: «Сёння ачагі «рускага свету» ў беларускім грамадстве з'яўляюцца галоўнай перашкодай для ўсякіх дэмакратычных пераўтварэнняў».

На ягоную думку, «рускі свет» стварае істотныя пагрозы не толькі для беларускай мовы і культуры, але і агулам фізічнаму існаванню беларускай дзяржавы і нацыі.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння «практычна няма механізмаў супрацьдзеяння нарастаючай экспансіі гэтай з'явы». «Носьбітам і агітатарам «рускага свету» апошнія гады ў Беларусі былі ўлады і Лукашэнка. Менавіта ён пабудаваў дзяржаўна-эканамічную сістэму, цалкам залежную ад Расеі. Менавіта яго ўлада адзначана сістэматычным разбурэннем беларускай мовы і культуры, поўнай ліквідацыяй дэмакратычных інстытутаў, пераследам палітычных праціўнікаў і іншадумцаў», - сказаў Арэшка.

Пры гэтым ён мяркуе, што «хітрая рыторыка і розныя тэхнічныя павароты курсу ўладаў не павінны ўводзіць у зман». «Толькі беларускае грамадства, намаганні розных сектараў грамадзянскай супольнасці змогуць закласці заслон «рускаму свету», - адзначыў Арэшка.

Грамадскі дзеяч мяркуе, што Беларусь неабходна захаваць часткай еўраатлантычнай цывілізацыі. «Няма трэцяга беларускага шляху: мы можам быць ці на Усходзе, ці на Захадзе, іншага не атрымаецца. Калі Еўропа будзе з моцнай незалежнай Украінай - гэта іншая Еўропа. Гэта, у перспектыве, наша Еўропа, дзе краіны, якія ляжаць паміж Чорным морам і Балтыкай, ствараюць новы ўплывовы рэгіён», - сказаў ён.

Апошнія навіны