BE RU EN

Пасля пратэстаў заробкі на «Граніце» ўзраслі да 20 мільёнаў

  • 18.09.2014, 15:32

Рабочыя прадпрыемства «Граніт» дамагліся павелічэння заробкаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Наша Ніва» распавёў звольнены кіроўца, лідар суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч.

«Нас «абсякалі», звальнялі - людзей станавілася менш, але вынік гэта дало. Яны вымушаныя былі падняць зарплату, - распавядае Стахаевіч. - А ўжо з лістапада 2012 года па 15-17 мільёнаў атрымлівалі, пра што нават аб'явілі на БТ».

- Колькі цяпер зарабляе кіроўца БелАЗа?

- І па 20 мільёнаў атрымліваюць, і больш, і менш - плата здзельная. За 200 рэйсаў (гэта не так і шмат) можна атрымаць 12,5 млн.

- Колькі чалавек у выніку пратэстаў звольнілі з «Граніту»?

- Ускосна звольнілі двух жанчын, каб паўплываць на іх мужоў, якія пратэставалі, яшчэ 6 рабочых непасрэдна за ўдзел. Увесь раённы КДБ тут працаваў - распрацоўвалі нас. А як паказвае гісторыя з нашымі звальненнямі, судамі (ні адзін пазоў не быў задаволены), знайшліся б тысячы прычын адмовіць нам у рэгістрацыі.

- І таму не ўзялі?

- Не. Спрабавалі ўладкавацца Мікалай Карышаў і Леанід Дубаносаў. Коля спрабаваў праз біржу працы: на «Граніце» было шмат вакансій у яго спецыяльнасці. Але яму адмовілі. Лёня таксама ад цэнтра занятасці паехаў - узяў накіраванне. Але адмовілі і яму. Я не хадзіў. Дарога ў Лунінецкім раёне чалавеку з прозвішчам Стахаевіч усюды зачыненая: ні малодшы брат уладкавацца не можа, ні яго жонка. Але свет не замыкаецца ў межах раёна.

Мне другога шкада! Усё, чаго мы дасягнулі тады, цяпер страчанае. А дасягнулі падвышэння заробкаў у пяць разоў і больш, з'явілася кампенсацыя за харчаванне, змена ў святочныя дні пачада аплачвацца так, як нідзе да гэтага ў Беларусі - у чатырохразовым памеры (на «Беларуськаліі» ў трохразовым атрымлівалі), у 5 і больш разоў павялічылася прэмія за эканомію матэрыялаў і паліва. Цяпер засталіся толькі больш менш добры заробак, засталася надбаўка за харчаванне. Рабочыя дазволілі нават забраць у сябе паўгадзіны з працоўнай змены.

- Афіцыйны прафсаюз падчас пратэстаў праявіў сябе?

- Яны ўзялі бок дэзінфармацыі.

- І якія высновы вы для сябе зрабілі?

- Каб дасягнуць максімуму, працоўныя павінны дзейнічаць дружна, у поўным адзінстве. Тады можна ў разы падняць і заробкі, і бонусы.

Нагадаем, што ў канцы 2011 года 600 рабочых прадпрыемства «Граніт», размешчанага ў Мікашэвічах, заявілі аб выхадзе з дзеючай на прадпрыемстве афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі і намеры стварыць альтэрнатыўную першасную структуру Беларускага незалежнага прафсаюза.

Апошнія навіны