Журналістаў BBC збілі ў Астрахані за пытанні аб дэсантніках у Данбасе
- 18.09.2014, 9:47
У Расеі зноў напалі на журналістаў.
Ахвярамі сталі карэспандэнты BBC, якія спрабавалі разабрацца ў гісторыі з таямнічымі пахаваннямі расейскіх вайскоўцаў, якія, як мяркуецца, маглі загінуць ва Украіне.
Са слоў карэспандэнта Стыва Розенбэрга, як толькі яны выйшлі з кавярні і падышлі да машыны, на іх напалі не менш як трое агрэсіўна настроеных мужчын, паведамляе BBC. Яны адабралі ў журналістаў камеру, збілі аператара, а затым схаваліся.
Акрамя таго, пакуль журналісты блізу чатырох гадзін давалі паказанні ў паліцыі, хтосьці пракраўся ў іх машыну і сцёр відэазапісы з карт памяці, падкрэсліў карэспандэнт. Паведамляецца, што пацярпелыя журналісты прыбылі ў Маскву, яны ў бяспецы.
Гэта не першы выпадак, калі рэпарцёрам, якія спрабуюць даведацца абставіны нядаўніх смерцяў расейскіх вайскоўцаў, супрацьстаяць агрэсіўна настроеныя людзі. Раней «цітушкі» атакавалі журналістаў, якія прыехалі на могілках у вёску Выбуты, каб праверыць інфармацыю аб пахаванні расейскіх жаўнераў, якія нібыта ваявалі на Данбасе.