BE RU EN

Дрэнныя навіны для Расеі: «нафтавая бурбалка» страчвае аб'ём

  • 16.09.2014, 19:50

Кошт нафты ўпаў да самага нізкага за апошнія два гады ўзроўню.

Барэль гатунку «Брэнт» цяпер каштуе менш за 100 даляраў, перадае «Радыё Свабода».

«Сусветны кошт нафты ўпаў яшчэ ніжэй у панядзелак пасля таго як з'явіліся звесткі, што сведчаць аб слабым росце прамысловай вытворчасці і гандлю ў Кітаі, што выклікала неспакой наконт попыту на нафту», - піша газэта The Wall Street Journal, спрабуючы растлумачыць чарговае падзенне кошту. Гэтай прычыны, зрэшты, наўрад дастаткова, каб апраўдаць 17%-е зніжэнне кошту за апошнія тры месяцы, асабліва ўлічваючы крызісы на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Прычым гэты сыходны вектар кошту выглядае больш устойлівым, чым чакалі аналітыкі. The Wall Street Journal падае звесткі, што прапанова нафты ад амэрыканскіх, ірацкіх і нават лібійскіх вытворцаў «затапіла» нафтавыя рынкі, у той час як попыт на іх прадукцыю амаль не расце. Фінансавыя гульцы страчваюць цікавасць да нафты, і калі гэта падзенне кошту здоўжыцца, то спадальная тэндэнцыя стане даміноўнай на нафтавым рынку, адзначае газэта.

На думку эканаміста Эдварда Хаджынса з даследчага цэнтра The Atlas Society, сітуацыя на рынку нафты можа сведчыць аб тым, што коштавая бурбалка пачала здзімацца:

- На працягу апошніх, скажам, пяці гадоў пасля фінансавага крызісу 2008 года шмат хто чакаў, што развіваныя краіны, перш за ўсё Кітай ды Індыя, вернуцца да вельмі высокага ўзроўню эканамічнага росту, з прычыны гэтага падвысіцца попыт на нафту ды іншыя энэргарэсурсы. У дадатак да гэтага, чакалася, што хранічная нестабільнасць у блізкаўсходнім рэгіёне, супрацьстаянне Расеі ды Украіны могуць прычыніцца да перапынкаў у пастаўках энэргарэсурсаў на сусветныя рынкі. У выніку кошт нафты стаўся неапраўдана завышаны, была зноў разадзьмутая коштавая бурбалка. Большасць гэтых негатыўных асцярог не матэрыялізавалася, а ў той жа час Злучаныя Штаты гэтак імкліва падвысілі сваю ўласную вытворчасць нафты, што, скажам, адмовіліся ад імпарту нафты з Заходняй Афрыкі. Да чыннікаў, якія негатыўна ўплываюць на кошт нафты, апошнім часам дадаўся яшчэ адзін - умацаванне даляра. Як чакаецца, Федэральная рэзервовая сістэма пачне ў не гэтак аддаленай будучыні пераход да ўздыму крэдытнай стаўкі, што ўзмоцніць даляр і аўтаматычна пацягне падзенне кошту нафту. Таму, на мой погляд, цяпер ужо можна гаварыць аб тым, што з нафтавай бурбалкі пачало выходзіць паветра. Яна наўрад лопне, гэты працэс, мабыць, будзе павольным, - мяркуе Эдвард Хаджынс з The Atlas Society.

Ці можна зрабіць, скажам, сярэднетэрміновы прагноз кошту нафту?

Пытанне Рычарду Эбэлінгу, прафэсару вайсковага каледжа «Цытадэль» у Паўднёвай Караліне:

- Калі казаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, то шмат якія вытворцы і спажыўцы энэргарэсурсаў пільнуюцца думкі, што рост вытворчасці вуглевадароднай сыравіны ў Злучаных Штатах разам з павольным развіццём альтэрнатыўных крыніц энэргіі забяспечыць стабільнасць коштаў на энэргетычных рынках, нягледзячы на рост попыту ў развіваных краінах. Ёсць імавернасць таго, што кошт упадзе, нягледзячы на падвышэнне попыту, калі так званая «сланцавая рэвалюцыя» прычыніцца да большага росту вытворчасці, чым чакаецца. У кароткатэрміновай пэрспэктыве немагчыма выключыць моцныя скокі кошту нафты ў выніку непрадбачаных крызісных сітуацый, якія могуць стаць прычынай зрыву паставак нафты на сусветныя рынкі. Але паказальна, што ў гэтай сітуацыі, нягледзячы на цэлы набор трывожных навін з Блізкага Усходу, нягледзячы на расейска-ўкраінскі канфлікт, энэргетычны рынак паведамляе, што сістэма здабычы і паставак нафты застаецца надзейнай. Гэта значыць, на мой погляд, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве можна чакаць альбо захавання кошту на цяперашнім узроўні, альбо яго зніжэння.

- Прафесар Эбэлінг, за апошнія гады было нямала прадказанняў, што падзенне кошту нафты неўнікнёнае, і гэта прычыніцца да сур'ёзных негатыўных наступстваў для Расеі. Аднак пакуль гэтыя прагнозы былі няслушныя. Ці можа Крэмль разлічваць на тое, што кошт энэргарэсурсаў застанецца ў прымальным для яго дыяпазоне?

- Застаецца фактам тое, што расейскі бюджэт надзвычай залежыць ад даходаў ад экспарту энэргарэсурсаў. У 2014 годзе Расея ўжо павінна збалансаваць свой бюджэт з дэфіцытам. Гэты дэфіцыт параўнальна невялікі, але тым не менш Масква ўжо не можа дазволіць сабе выкарыстоўваць зніжэнне экспарту энэргарэсурсаў у якасці інструмэнта ціску на сваіх суседзяў. Ёй самой давядзецца расплачвацца за такія дзеянні. Адзінае, што можа прычыніцца да росту кошту нафты ў агляднай будучыні, - сур'ёзны канфлікт на Блізкім Усходзе, які пагражае нармальнай пастаўцы нафты на сусветныя рынкі. З іншага боку, апошнім часам усё больш гаворыцца аб магчымым калапсе рынку нерухомасці ў Кітаі, ад якога ў вялікай меры залежыць эканамічны рост у КНР. Гэта напэўна прычыніцца да падзення попыту на нафту. Словам, ва ўсіх гэтых сцэнарах занадта шмат невядомых для таго, каб зрабіць ясны прагноз.

Апошнія навіны