Палітвязень Аліневіч у калоніі працуе на дрэваапрацоўцы
- 14.09.2014, 12:23
Тыповую для зняволеных з савецкіх часоў працу атрымаў у калоніі «Віцьба-3» палітвязень Ігар Аліневіч.
Яго бацька Уладзімір Аліневіч яшчэ дакладна не ведае, што менавіта робіць яго сын, якога ў «Віцьбу-3» перавялі толькі ў ліпені, паведамляе «Радыё Свабода».
«Штосьці робіць на дрэваапрацоўцы, але што менавіта - не ведаю. У нас жа пакуль не было ні доўгатэрміновага, ні кароткага спаткання. Вось падчас першага ў гэтай калоніі спаткання распытаем больш падрабязна, што робіць. Пакуль ведаю, што з дрэвам працуе», - кажа Уладзімір Аліневіч.
Са слоў Уладзіміра Аліневіча, у калоніі пад Віцебскам яго сыну ўжо выдалі тэлефонную картку, і ён можа хоць зрэдку, але рэгулярна тэлефанаваць дадому. У наваполацкай калоніі, дзе Ігар Аліневіч адбыў больш за 3 гадоў, гэтай магчымасці ён фактычна быў пазбаўлены. Рэгулярна ад палітвязня даходзяць і лісты.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў абвінавачванні ў хуліганскіх дзеяннях што да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны ён не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.