BE RU EN

Памёр выдавец Пётр Марцаў

  • 13.09.2014, 21:58

Вядомы выдавец, журналіст Пётр Марцаў сканаў увечары 13 верасня.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў мастак Уладзімір Цэслер.

«Пётр Марцаў памёр гадзіну таму ў шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць. Востры лейкоз. Пра гэта мне паведамілі сябры Пятра», - сказаў Уладзімір Цэслер.

Марцаў Пётр Паўлавіч нарадзіўся 14 красавіка 1962 года ў горадзе Менску.

Вучыўся ў СШ №4 г.Менска.

Выпускнік філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984).

У 1984 - 1986 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе рабочай моладзі №19 г. Менска. У 1986 - 1988 гг. працаваў карэспандэнтам, старэйшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх (Маскоўскіх) могілак і ў Курапатах. Быў загадчыкам аддзела часопіса «Ветразь» (1989 - 1990), уласным карэспандэнтам штотыднёвіка «Камерсант» па Беларусі, дырэктарам карпункта «Коммерсант» і агенцтва «Пастфактум» (1991 - 1993).

У 1992 пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету «Биржи и банки: Белорусская деловая газета» (з 1999 - «Белорусская деловая газета»), штотыднёвік «Імя» (1995 - 1999).

З 1997 года - прэзідэнт ЗАТ «Белорусская деловая газета», галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».

У 1997 годзе стаў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97».

З 2002 года - генеральны дырэктар УП «Марат», выдавец «Белорусской деловой газеты» і «БДГ. Для служебного пользования».

У сакавіку 2006 года выхад «Белорусской деловой газеты» прыпынены ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджваннем праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук».

Прадзюсер і адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага фільма «Звычайны прэзідэнт» (1996 г.). (Прэмія Міру Берлінскага кінафестывалю, 1997 г.)

Уваходзіў у дваццатку самых уплывовых прадстаўнікоў мас-медыя краін СНД (2001).

Узнагароды: Ганаровы дыплом Беларускай асацыяцыі журналістаў «За зацвярджэнне свабоды слова ў Беларусі».

Рэдакцыя сайта charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім памерлага.

Апошнія навіны