BE RU EN

Міністр ЖКГ: Моцна падвышаць тарыфы не будзем

  • 11.09.2014, 20:36

Тарыф на капітальны рамонт жылога дома (600 рублёў за мэтар) моцна падвышацца не будзе.

Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац.

Ён нагадаў, што ў мэтах сацыяльнай абароны насельніцтва на заканадаўчым узроўні ўстаноўленыя абмежаванні, накіраваныя на павольнае падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Так, згодна з указам № 550 ад 5 снежня 2013 года, устаноўленае абмежаванне на павелічэнні тарыфаў у 5 даляраў ЗША з наступнай індэксацыяй прапарцыйна росту намінальнага заробку.

"У пералік паслуг, на якія робіцца разлік падвышэння ў рамках 5 даляраў, уваходзіць і капітальны рамонт жыллёвага фонду, таму моцнага падвышэння тарыфу на гэтую паслугу, і тым больш падвышэнне яго да ўзроўню, які забяспечвае поўную кампэнсацыю выдаткаў, не прагназуецца", - падкрэсліў Шорац .

Як паведамлялася раней, згодна з вясновымі ацэнкамі Мінфіна, блізу паловы патрэбы ў сродках на капітальны рамонт жыллёвага фонду кампэнсуецца ў краіне з бюджэту. У той жа час насельніцтва, паводле звестак Мінфіна, аплачвае менш за 20% ад патрэбы ў сродках на капітальны рамонт.

Паводле звестак Мінфіна, наяўных сродкаў на капітальны рамонт жылфонду недастаткова. Адным з шляхоў развязання праблемы нястачы сродкаў на капітальны рамонт жылых будынкаў некаторыя рэгіёны бачаць у прыцягненні льготных крэдытных рэсурсаў на фінансаванне адпаведных работ. Разам з тым Міністэрства фінансаў гэту прапанову не падтрымлівае.

Раней Мінфін, спасылаючыся на інфармацыю Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паведамляў, што тарыф, які забяспечвае поўную кампэнсацыю выдаткаў на капітальны рамонт жыллёвага фонду, складае прыкладна 3600 рублёў за квадратны мэтар агульнай плошчы, або 173 тысячы рублёў у месяц за тыповую двухпакаёвую кватэру плошчай 48 квадратных мэтраў.

Цяпер, паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тарыф на капітальны рамонт ва ўсіх абласцях Беларусі устаноўлены для насельніцтва на ўзроўні 600 рублёў за квадратны мэтар агульнай плошчы.

Апошнія навіны