BE RU EN

ЗША рыхтуюць жорсткія энэргетычныя санкцыі супраць Расеі

  • 11.09.2014, 19:55

ЗША блізкія да ўвядзення самага жорсткага на сённяшні дзень пакета энэргетычных санкцый супраць Расеі.

Гэтыя захады таксама ўдараць па заходніх кампаніях, накшталт Exxon Mobil, якія супрацоўнічаюць з расейскімі энэргетычнымі дзяржкарпарацыямі, піша The Wall Street Journal (пераклад - Инопресса.ру).

Новыя санкцыі забароняць энэргетычным кампаніям супрацоўнічаць з Расеяй у галіне распрацоўкі нафты ў расейскай Арктыцы, на глыбокаводдзі і ў раёнах сланцавых пакладаў.

Раней пад забарону трапіў толькі экспарт тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаныя ў гэткіх праектах. Акрамя Exxon Mibil, новыя захады могуць закрануць BP і Royal Dutch Shell.

"Яны [заходнія кампаніі] дакладна пазбавяцца некаторых кантрактаў, але па Расеі гэта б'е значна больш балюча, - распавёў выданню інфармаваны амэрыканскі чыноўнік. - Гэта ставіць пад абух іх будучы эканамічны рост".

ЕЗ на гэтым тыдні ўзгадніў новы пакет захадаў супраць Масквы, які ўключае гэтыя энэргетычныя санкцыі, але адклаў іх дастасаванне, пакуль Кіеў працуе з Масквой над развязкай, якая спыніла б баі з сэпаратыстамі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.

"Шэраг краін, у тым ліку Фінляндыя, Славакія і Кіпр, кажуць, што пасля замірэння сітуацыя на Украіне палепшылася, і блоку варта паглядзець, як яна будзе развівацца. Іншыя дзяржавы, такія як Злучанае Каралеўства, Нямеччына і Польшча, мяркуюць, што ЕЗ павінен увесці санкцыі, як абяцаў, але выкласці дакладныя ўмовы для іх магчымага скасавання", - гаворыцца ў артыкуле.

На думку журналістаў, апошнія санкцыі могуць падвысіць трывогу бізнэс-груп аб тым, што намаганні ЗША пакараць Маскву пачынаюць сур'ёзна шкодзіць пэрспэктывам глабальных карпарацый.

"Бізнэс-групы таксама асцерагаюцца, што больш строгія санкцыі прымусяць расейцаў адмовіцца ад заходніх брэндаў, прычыняючы доўгатэрміновыя страты фірмам, арыентаваным на спажыўцоў, нягледзячы на тое, што іх санкцыі не закранаюць і ім не пагражае адплата расейскіх улад", - адзначаюць карэспандэнты.

Паводле дакумэнтаў, з якімі вывпала азнаёміцца WSJ, новыя санкцыі Еўразвязу яшчэ мацней абмяжуюць доступ да міжнароднага фінансавання тром энэргетычным дзяржкарпарацыям ("Газпромнефть", "Транснефть", "Роснефть") і пяці дзяржаўных банкаў, у тым ліку "Сбербанк" і групу ВТБ. Чакаецца, што ЗША падтрымаюць намаганні ЕЗ аналагічнымі фінансавымі абмежаваннямі.

"ЗША сканчаюць падрыхтоўку захадаў, якія адначасова расшыраць і паглыбяць нашы санкцыі, якія ахопліваюць фінансавы, энэргетычны і абаронны сэктары Расеі", - заявіла 9 верасня прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Мэры Харф.

Апошнія навіны