BE RU EN

Віктар Марціновіч: Трэба зразумець, што наша літаратура - гэта сур'ёзна

  • 11.09.2014, 17:11

Увечары 10 верасня ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася аўтограф-сесія пісьменніка Віктара Марціновіча з нагоды выхаду ягонага новага рамана «Мова».

«Мы прывыклі, што беларуская літаратура, як ролевая гульня, - сказаў аўтар у сваім кароткім выступе, звяртаючыся да чытачоў. - Нам трэба зразумець, што наша літаратура - гэта сур'ёзна. І я заклікаю вас пачаць ставіцца да нашай літаратуры, як да рускай ці замежнай. Што тычыцца маёй кнігі, то менавіта «Мова» - самае сур'ёзнае з таго, што я напісаў, і, магчыма, самае складанае».

Сваю чацвёртую кнігу Марціновіч характарызуе як лінгвістычны баявік. Чаму?

«Лінгвістычны баявік - гэта такі жанр, у якім даволі жорсткія падзеі адбываюцца вакол слоў, - тлумачыць ён карэспандэнту БелаПАН. - У гэтым тэксце людзі шукаюць страшныя беларускія словы, і ў выніку разгортваецца такая сур'ёзная драма. На мой погляд, даволі нясмешная. Лінгвістычны баявік - таму што Шэкспір, таму што беларускі пераклад, таму што страчаны Дубоўка».

Са словаў пісьменніка, друкавалася кніга ў беларускім выдавецтве «Кнігазбор» пры дапамозе кампаніі «Будзьма!». Рускамоўны пераклад падрыхтавала Лідзія Міхеева, ён ужо выкладзены на сайце 34mag.net для вольнай запампоўкі. З сённяшняга дня пачаўся продаж гэтага рускамоўнага перакладу ў краме «ЛогвінаЎ».

http://belapan.com/webroot/delivery/swf/player.swf

Апошнія навіны