BE RU EN

Суд над «sms-мінёрам» метро ў Менску будзе закрытым

  • 10.09.2014, 18:58

Працэс пачнецца 15 верасня.

Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведамляе прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскова.

«15 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска пачнецца слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да 34-гадовага жыхара Менскай вобласці, які адправіў з мабільнага тэлефона паведамленне аб наяўнасці ў яго выбуховага прыстасавання і намеры падарваць яго ў Менскім метрапалітэне», - напісала яна.

Юлія Ляскова падкрэсліла, што працэс будзе закрытым.

«Звяртаю ўвагу на тое, што слуханні пройдуць у закрытым рэжыме. Дату абвяшчэння рэзалютыўнай часткі прысуду паведамлю дадаткова», - сказала яна.

Інцыдэнт, які стаў прычынай крымінальнай справы, адбыўся 26 лютага. Тады менская падземка не працавала тры гадзіны. Сталічная студэнтка падгледзела ў чужым мабільніку паведамленне: мужчына пісаў пра намер падарваць метро. Тэкст паведамлення быў наступным:

«У мяне бомба, я ў метро, дзе падарваць, код актывацыі падкажы».

Дзеянні падазраванага былі кваліфікаваныя як загадзя ілжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, якое стварае небяспеку для жыцця і здароўя людзей, і што пацягнула прычыненне шкоды ў значнай суме ды іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе доўгага парушэння працы грамадскага транспарту. Шкоду ацанілі больш чым у 90 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны