BE RU EN

МЗС Нямеччыны: Ёсць дамоўленасць аб вывадзе войскаў РФ з Данбаса

  • 10.09.2014, 9:53

Паміж Украінай і Расеяй ёсць дамоўленасці, што ўсе расейскія войскі і вайсковая тэхніка павінны быць выведзеныя з тэрыторыі Данбаса.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер у аўторак, 9 верасня, пішуць «Крым.Реалии».

«Ёсць дамоўленасць паміж Украінай і Расеяй, што ўсе расейскія жаўнеры і зброя, якія дагэтуль застаюцца на тэрыторыі Украіны, павінны быць адведзеныя. Міжнародная супольнасць будзе ўважліва сачыць за гэтым», - заявіў ён.

Штайнмаер выказаў перакананне, што «Расея абавязаная згуляць сваю ролю ў імплементацыі менскіх дамоўленасцей што да спынення агню на Данбасе».

Напярэдадні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ўдзел Расеі ва ўкраінскім канфлікце «вельмі відавочны», і яе дзеянні нельга пакінуць без наступстваў.

Разам з тым, з яе слоў, у нямецкага ўрада няма ніякіх сумненняў у тым, што вайсковым шляхам канфлікт ва Украіне развязаць нельга.

Нагадаем, 5 верасня ў Менску кантактная група падпісала пратакол, у якім, сярод іншага, гаворка ішла аб неадкладным спыненні агню на ўсходзе Украіны з 18:00 таго дня па кіеўскім часе. У пратаколе 12 пунктаў, ён прадугледжвае, у прыватнасці, абмен вайсковапалоннымі, забеспячэнне гуманітарнай дапамогі, маніторынг рэжыму спынення агню на мяжы.

Апошнія навіны