Жаўнераў тэрміновай службы з Тулы прымусова адпраўляюць на вайну ў Данбас
- 1.09.2014, 19:20
У Тульскай вобласці жаўнераў, якія праходзяць тэрміновую службу, прымушаюць падпісваць кантракты.
Пра гэта паведамілі маці вайскоўцаў в/ч 33842, паведамляе «Дождь».
Паводле іх звестак, восем жаўнераў падпісалі кантракты самастойна, за астатніх 19 жніўня гэта зрабіла кіраўніцтва часткі. «Салдат ужо заўтра могуць адправіць у Луганск», - распавялі іх маці. Акрамя таго, яны паведамілі, што жаўнеры, а таксама камандзіры пятай роты не выходзяць на сувязь ужо два тыдні. Паводле звестак маці, яны знаходзіліся на вучэннях у Растоўскай вобласці.
Прадстаўнікі СМІ спрабавалі атрымаць інфармацыю пра гэта ў камітэце салдацкіх маці Тульскай вобласць, аднак на сувязь з журналістамі, а таксама з маці вайскоўцаў яны не выходзяць.
Раней паведамлялася пра 200 жаўнераў тэрміновай службы з Растоўскай вобласці, якіх прымушалі падпісваць кантракты, у тым ліку і пад пагрозай сапсутых вайсковых білетаў. Гэтую інфармацыю пацвердзілі сваякі 18-гадовага салдата тэрміновай службы Андрэя Вільховіка. Паведамленні аб гэтым раней некалькі дзесяткаў бацькоў салдат даслалі ў Камітэт салдацкіх маці.
Такія дзеянні воінскіх частак пракаментавала кіраўніца «салдацкіх маці» Cтаўрапольскага краю Людміла Багаценкава.
«Калі сілком прымушаюць падпісваць кантракт, неадкладна напішыце тры заявы: у вайсковую пракуратуру, у цывільную пракуратуру, у АУС. Пакідаеце частку і вяртаецеся дадому. Тэрмінова звяртайцеся ў камендатуру і пракуратару», - заявіла Багаценкава.
Яна таксама патлумачыла з якой фармулёўкай трэба пісаць заяву:
«Я самавольна пакінуў вайсковую частку з прычыны прымусу падпісання кантракту».