BE RU EN

Мэркель выступае за ўзмацненне санкцый супраць Расеі

  • 1.09.2014, 15:19

Нягледзячы на эканамічныя пагрозы, трэба пашырыць санкцыі супраць Расеі.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель выступіла з падтрымкай узмацнення санкцый супраць Расеі, адначасова яна падкрэсліла, што Еўразвяз не разглядае варыянты развязання канфлікту ва Украіне ваенным шляхам. Пра гэта яна сказала журналістам у Берліне, паведамляе "Радыё Свабода".

"Ваеннага развязання гэтага канфлікту не будзе, я пра гэта гаварыла з самага пачатку і я ў гэтым перакананая. Гэта таксама пазіцыя іншых краін-чальцоў ЕЗ", - падкрэсліла Мэркель.

Але, з яе слоў, Еўразвяз "не можа прыняць паводзіны Расеі".

"Таму я мяркую, што неабходна падрыхтаваць такія санкцыі. Праблемы, якія могуць паўстаць у сувязі з гэтым, не супастаўныя з праблемамі, якія могуць паўстаць, калі мы нічога не будзем рабіць", - дадала канцлерка Нямеччыны.

Нагадаем, раней Еўрапейскі Звяз звярнуўся да Еўракамісіі з просьбай на працягу тыдня падрыхтаваць прапановы датычна новых санкцый супраць Расеі.

30 жніўня ў Брусэлі адбылося пасяджэнне Еўрапейскай Рады (саміт кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ). У выніку паседжання былі прынятыя пастановы што да Украіны.

Апошнія навіны