BE RU EN

Упершыню апублікаваныя матэрыялы судовай справы Каліноўскага

  • 9.08.2014, 21:58

Даследчыкам гісторыі паўстання 1863 года не абысціся без гэтай кнігі.

Гаворка ідзе пра «Справу Часовага палявога аудытарыята пры штабе войскаў Віленскай вайсковай акругі аб двараніне Гарадзенскай губерні і павета Вінцэнце Каліноўскім», якая захоўваецца ў Вільні, у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве, піша «Наша Нiва».

У розныя гады яе асобныя фрагменты змяшчаліся ў зборніках дакументаў, цытаваліся ў гістарычных даследаваннях і ў інтэрнэце (у апошнім выпадку - часта недакладна і з памылкамі).

Але цалкам справа не выдавалася ніколі. Гісторык Дзмітрый Кузьменка ўпершыню прадставіў усе дакументы чытачу. Зборнік «Следча-судовая справа Кастуся Каліноўскага» выйшаў у выдавецтве «Галіяфы».

У кнігу ўключаны 33 дакументы. Першы датаваны 29 студзенем 1864 г, апошні - 14 кастрычнікам 1865 года. Большасць дакументаў з'яўляюцца арыгіналамі (копій усяго шэсць). Два з іх напісаны рукой самога Каліноўскага, у трох выпадках ім зроблены рукапісныя ўстаўкі-дапаўненні.

Факсіміле такіх дакументаў (разам з некаторымі іншымі) друкуецца ў канцы кнігі.

Упершыню апублікаваныя шэраг дакументаў. Напрыклад, прадпісанне аб перадачы Каліноўскага ваенна-палявому суду, паказанні Марыі Грыгатовіч наконт яго асобы.

Кошт выдання на сайце інтэрнэт-крамы «Iмбрык» - 100 тысяч рублёў.

Апошнія навіны