BE RU EN

Маскоўскі суд пакінуў пад вартай ўкраінскага рэжысёра Сянцова

  • 8.08.2014, 11:05

Суд адмовіўся задаволіць скаргу абароны аб адмене пастановы падаўжэння арышту.

Лефортаўскі суд Масквы прызнаў законным падаўжэнне да 11 кастрычніка арышту ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, затрыманага ў Крыме нібыта паводле абвінавачвання ў падрыхтоўцы тэрактаў, паведамляе ВВС.

Суд адмовіўся задаволіць скаргу абароны аб адмене пастановы падаўжэння арышту. Украінскі рэжысёр прабудзе ў зняволенні ўвесь вызначаны раней тэрмін.

Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме 11 траўня паводле абвінавачвання ў тэрарызме і пазней перавезены ў маскоўскую турму Лефортава.

Адвакат рэжысёра заяўляў, што да ягонага падабароннага ўжываліся катаванні з мэтай выбіць прызнальныя паказанні. Раней паведамлялася, што Сянцову пагражае 20 гадоў турэмнага зняволення.

Аб катаваннях у дачыненні да Сянцова заяўляла праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Акрамя таго, Сянцову не даюць сустрэцца з украінскім консулам. У Генпракуратуры РФ заявілі, што не бачаць падстаў адпускаць рэжысёра Сянцова.

Апошнія навіны