BE RU EN

Калгасны бумеранг

  • Наталля Радзіна, «Gazeta Wyborcza»
  • 8.08.2014, 10:56

Падобна на тое, што палітыка, накіраваная на супакаенне суседніх дыктатараў, вяртаецца ў Еўропу бумерангам.

«Мы не выкарыстоўвалі амбіцый Лукашэнкі», - пад такім загалоўкам выйшаў артыкул журналіста адной з найбуйнейшых газет Польшчы «Rzeczpospolita» Філіпа Мемхеса.

У жорсткім і крывавым кіраванні Лукашэнкі аўтар раптам убачыў «два бакі медаля». Не бянтэжачыся ад супярэчнасцяў, Мемхес піша, што з аднаго боку Лукашэнка фальсіфікуе выбары і жорстка распраўляецца з апазіцыяй, а з другога - карыстаецца шырокай падтрымкай насельніцтва і з'яўляецца гарантам стабільнай сітуацыі ў краіне. Пры гэтым аўтар не задаецца пытаннем, навошта пры «шырокай падтрымцы» і «стабільнай сітуацыі» Лукашэнку падтасоўваць выбары, забіваць лідэраў апазіцыі і кідаць у турмы тысячы беларусаў.

Гэты пасаж Мемхеса прымусіў успомніць нядаўнюю заяву прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана - новага сябра Уладзіміра Пуціна.

Сустракаючыся ў ліпені з прадстаўнікамі венгерскай дыяспары ў Румыніі, Орбан заявіў, што з гэтага часу ў сваёй палітыцы ён не збіраецца кіравацца мадэллю ліберальнай дэмакратыі. З ягоных слоў, прыклады такіх краін, як Сінгапур, Кітай, Расея, Індыя і Турцыя даказваюць, што можна быць паспяховым на сусветнай арэне, з'яўляючыся аўтакратыяй.

На першы погляд, можа здацца, што Орбан сышоў з розуму, сцвярджаючы аб паспяховасці мадэлі той жа Расеі на фоне ўзрастаючай ізаляцыі рэжыму Пуціна, які абвесціў вайну Украіне. Аднак не ўсё так проста. Відавочная небяспечная тэндэнцыя ў еўрапейскай палітыцы, і артыкул Філіпа Мемхеса ў газеце «Rzeczpospolita» - з таго ж шэрагу.

«Не ўсё толькі дрэннае было звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам. Германія 1930-х гадоў - гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі», - заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю газеце «Handelsblatt», якое прагучало у эфіры Беларускага радыё, у пачатку свайго кіравання. За гэтымі ягонымі словамі рушылі ўслед забойствы віцэ-спікера парламента Генадзя Карпенкі, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнесоўца і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, журналіста Дзмітрыя Завадскага, затым - татальныя фальсіфікацыі выбараў, жорсткія разгоны мірных дэманстрацый, закрыццё незалежных СМІ, новыя забойствы і масавыя арышты іншадумцаў.

І вось сёння еўрапейскія палітыкі і інтэлектуалы заяўляюць аб паспяховасці мадэляў расейскай і кітайскай дыктатур, а журналіст адной з вядучых газет Польшчы не скупіцца на пахвалу беларускага тырана і заклікае ўлады сваёй краіны выкарыстоўваць ягоныя амбіцыі, каб «выйграць штосьці» ва ўсходняй палітыцы.

А якія амбіцыі ў старшыні адсталага калгасу Лукашэнкі, акрамя як тыраніць свой народ і знішчаць беларускую культуру? Сёння на тэрыторыі Беларусі размешчаныя расейскія войскі, на мяжу з Украінай перакінутыя расейскія самалёты і цяжкая артылерыя. У ААН афіцыйная беларуская дэлегацыя галасуе за прызнанне анэксіі Крыма, а сам дыктатар ганарыцца тым, што стаў ініцыятарам стварэння Еўразійскага Саюза.

Дзівіць, як хутка грамадзяне краін, якія зусім нядаўна жылі пры дыктатурах, прывыкаюць да свабоды, губляюць арыенціры і перастаюць адрозніваць чорнае ад белага.

Дык можа, не ўсё так дрэнна было ў Польшчы пры камуністычнай дыктатуры і палякам падабалася жыць пад савецкай акупацыяй?

Сёння ў Беларусі колькасць толькі супрацоўнікаў міліцыі ў 7 разоў большая, чым было пры СССР, не кажучы ўжо пра шматлікія спецслужбы. Ці можна пасля гэтага сцвярджаць, што беларусам падабаецца жыць пры дыктатуры і Лукашэнка «карыстаецца значнай падтрымкай насельніцтва»?

У свой час мяне здзівіла, што польскія лібералы параўноўвалі братоў Качыньскіх, якія тады прыйшлі да ўлады, з... Лукашэнкам, хоць той не ўступаў у NATO і ЕЗ, а аднаўляў Савецкі Саюз.

Пражыўшы некалькі гадоў у Польшчы, я зразумела, што супрацьстаянне паміж кіруючымі партыямі, якія выйшлі з «Салідарнасці» - вельмі жорсткае. Але больш кансерватыўная ці больш ліберальная - гэта ўсё роўна дэмакратыя, і шчасце, што партыі могуць свабодна паміж сабой канкураваць. Чаму ж, замест таго, каб распаўсюджваць дэмакратыю на ўсход, апаненты пачынаюць шукаць саюзнікаў у канцлагерах па суседству?

Еўрапейцы сёння ўпарта не заўважаюць, што іх праславутая «дуга стабільнасці» з дыктатарскіх краін, ад Магрыба да Калінінградскай вобласці, ператварылася ў падпаленую мяжу Еўразвязу.

Як бы выкарыстанне амбіцый калгаснага банапарта Лукашэнкі не выйшла Польшчы бокам.

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар сайта Charter97.org, былая палітзняволеная, адмыслова для «Gazeta Wyborcza»

Апошнія навіны