BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя патрабуе не перагружаць школьнікаў

  • 7.08.2014, 21:30

Міністэрства аховы здароўя Беларусі патрабуе разгрузіць школьныя заплечнікі.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства аховы здароўя № 63 ад 29 ліпеня гэтага года, паведамляе БелТА.

Згодна з дакументам, маса штодзённага камплекта падручнікаў з пісьмовымі прыладамі (без масы ранца ці заплечніка) павінна быць зніжаная для навучэнцаў III-IV класаў - да 2 кг, V-VI класаў - 2,5 кг, VII-VIII класаў - 3 кг, IX -XI класаў - 3,5 кг. Пры гэтым маса пустога заплечніка для навучэнцаў малодшых класаў павінна складаць не больш за 700 г, для сярэдніх і старэйшых класаў - да 1 кг.

«Часта бацькі не заўважаюць таго, што дзіця, акрамя падручніка, бярэ ў школу дадатковыя рэчы - кніжкі, цацкі, цяжкія пеналы, што таксама ўплывае на агульную масу. Калі ў гэтым годзе быў праведзены кантроль масы грузу, што прыносяць у школу, высветлілася, што маса партфеляў у шэрагу выпадкаў не адказвала патрабаванням - часта праз наяўнасць дадатковых прадметаў, не звязаных з навучальным працэсам», - распавялі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Вагу школьнага партфеля павінны кантраляваць як бацькі, так і настаўнікі.

Акрамя таго, у школах прапануецца вылучыць дадатковыя месцы, каб дзіця магло пакідаць там такія прадметы, як набор фарбаў, альбом, школьную форму.

Дакумент прадугледжвае выкарыстанне ва ўстановах спецыяльнай адукацыі фасаванай у ёмістасці негазаванай пітной вады прамысловай вытворчасці, або вады з цэнтралізаванай вадаправоднай сістэмы пасля яе ачышчэння праз лакальныя фільтры прамысловай вытворчасці, або кіпячонай вады. Пры гэтым гатаваная вада павінна захоўвацца ў закрытых ёмістасцях з водаразборным кранам або ў графіне цягам не больш за 4 гадзіны.

З мэтай разнастаіць рацыён у буфеце абмяжоўваецца рэалізацыя асобных высокакаларыйных мучных страў (піцы, смажанак, сасісак у цесце) не часцей за два разы на тыдзень. Павінны быць умовы для падагрэву кулінарных вырабаў. У якасці агульнаўмацавальнага прадукту ў асартымент буфетаў уведзены гематаген, але не часцей за два разы ў вучэбны тыдзень.

Прадукты з вострым смакам (хрэн, перац чырвоны і чорны, гарчыца, сталовы воцат) таксама не выкарыстоўваюцца. Востры перац у рэцэптах замяняецца смакаводарнымі прыправамі (пятрушка, сельдэрэй, кроп, лук, часнок, карыца), а сталовы воцат - цытрынавай кіслатой.

Апошнія навіны