BE RU EN

Абама: Адток капіталу з Расеі дасягнуў сумы паміж $100 млрд і $200 млрд

  • 7.08.2014, 11:02

Санкцыі супраць Расеі разлічаныя на доўгатэрміновую перспектыву, але адток капіталу ўжо адбываецца.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі пасля саміту ЗША-Афрыка ў Вашынгтоне заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама, паведамляе сайт Белага дома.

"Санкцыі працуюць па прызначэнні, гэта надае велізарны ціск і стварае нагрузку на расейскую эканоміку. Гэта не мая ацэнка. Калі вы паглядзіце на рынкі і ацэнкі ў плане адтоку капіталу, калі вы паглядзіце на прагнозы росту для Расеі, то вы ўбачыце, што эканоміка захрасла. Адток капіталу дасягнуў сумы дзесьці паміж $100 млрд і $200 млрд. І мы не бачым шмат інвестараў, якія хочуць пачаць новы бізнэс у Расеі", - сказаў Абама.

Такі падыход пакідае прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну выбар: развязаць пытанне на ўсходзе Украіны мірна і дыпламатычнымі метадамі, прызнаць Украіну суверэннай дзяржавай і права народа самому вызначаць, як яму жыць; ці працягваць сённяшнюю палітыку і атрымаць балючы ўдар па эканоміцы, што адаб'ецца і на расейскіх грамадзянах, мяркуе амерыканскі прэзідэнт, піша gordonua.com.

Выдача ж Украіне дадатковага ўзбраення не дапаможа развязаць канфлікт, бо ўсё роўна не створыць перавагі ў сіле на карысць Украіны.

"Майце на ўвазе, што расейскае войска значна большае за ўкраінскае. Так што пытанне тут не ў тым, ці мае ўкраінскае войска дадатковую зброю. Прынамсі, дагэтуль яны ваявалі з групай сепаратыстаў, якія займаюцца жахлівым гвалтам, але не супастаўныя ў сіле з украінскім войскам", - сказаў Абама.

Гаворка пакуль не ідзе пра ўварванне Расеі, на гэтым этапе Украіна атрымлівае шэраг пакетаў дапамогі як для войска, так і агулам для ўрада, каб краіна магла змагацца з сепаратызмам, кажа прэзідэнт ЗША.

"Найлепшае, што мы можам зрабіць для Украіны, - паспрабаваць перавесці канфлікт у палітычнае рэчышча", - заявіў Барак Абама.

Фота: Getty Images

Апошнія навіны