BE RU EN

Да чаго прычыніцца рэжым «жорсткай эканоміі» Мясніковіча?

  • 7.08.2014, 10:29

На чым улады збіраюцца эканоміць?

Гэта «Завтра твоей страны» каментуе Леў Марголін.

Прэм'ер-міністр абвясціў рэжым жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў.

- Толькі тыя, хто стварае новыя вытворчасці, фармуе ўмовы для росту колькасці падаткаплатнікаў, могуць разлічваць на дадатковыя даходы, - заявіў у сераду Міхаіл Мясніковіч.

Кіраўнік урада таксама прадубляваў патрабаванне Лукашэнкі аб патрэбе абмяжоўваць рост заробкаў ростам прадукцыйнасці працы.

Эканаміст Леў Марголін упэўнены: на бюджэтніках улады эканоміць не стануць.

- Заробкі бюджэтнікам - гэта, як правіла, абароненыя артыкулы бюджэту, якія нават у выпадку секвэстра скарачэнню не падлягаюць. Адзінае, што адчуюць работнікі бюджэтнай сферы, - іх дабрабыт не падвысіцца.

У той жа час, на думку экспэрта, у хуткім часе могуць скараціцца выдаткі на ўтрыманне школ і лякарняў.

- Беларусы ўжо даўно да гэтага звыклі. Мы даўно ведаем: калі хочаш, каб цябе лячылі тым, што дапамагае, - купляй сам і прынось. Ільвіная доля выдаткаў на школы таксама ляжыць на бацьках.

Заява прэм'ер-міністра сведчыць аб тым, што бюджэт трашчыць па швах, мяркуе эканаміст.

- Выдаткі на эканоміку, нягледзячы на рэкамендацыі МВФ і Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у нас застаюцца досыць высокімі. Прычым часцей за ўсё яны неэфектыўныя. Паколькі пастановы аб выдзяленні бюджэтных сродкаў прымаюць чыноўнікі, выкарыстоўваюць гэтыя сродкі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, эфектыўнасць якіх надзвычай нізкая.

На практыцы ў барацьбе за размеркаванне сродкаў перамагае той, у каго больш напорыстасці, больш сувязяў, у каго мацнейшае горла, адзначае тэндэнцыю суразмоўца.

Леў Марголін мяркуе, што пры існай сістэме рэжым жорсткай эканоміі вынікаў не дасць.

- Гэта можна гарантаваць, не чакаючы падвядзення вынікаў, - падсумоўвае экспэрт.

Апошнія навіны