BE RU EN

Лукашэнка «падарыў» арабам 25 гектараў элітнай зямлі пад Менскам

  • 7.08.2014, 7:57

Дзяржава Катар актыўна асвойвае лес у Менскай вобласці.

Элітны надзел афіцыйна дастаўся арабам бясплатна, адпаведны ўказ пад грыфам «для службовага карыстання» Лукашэнка падпісаў яшчэ 2 гады таму, паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Усё гэта – закрытыя схемы, яны па-за парламенцкім кантролем. Усё гэта толькі сведчыць аб адным: у нас гнілая сістэма, Лукашэнка стварыў сістэму абсалютна бескантрольную», - кажа старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле кадастравай ацэнкі 24 гектары зямлі каля Дуброўскага вадасховішча на мяжы Менскага і Смалявіцкага раёнаў каштуюць амаль $1 мільён. Пра гэта распавёў намеснік рэдактара выдання «Наша нiва» Ягор Марціновіч, які вывучае акалічнасці перадачы катарцам зямлі. Чаму ж ва ўладаў Беларусі прачнулася такая шчодрасць?

«Што Беларусь як дзяржава або кіраўнік Беларусі як прыватная асоба атрымалі наўзамен, можна толькі здагадвацца, але супрацоўніцтва ўладаў з Катарам - даволі шчыльнае, і звычайна куратарам гэтых праектаў «Беларусь - Катар» выступаў асабіста сын кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка».

Самая ж будоўля, якая пачалася месяц таму на падоранай катарцам зямлі, таксама ахутаная таямніцай. Але, хоць тут і няма пашпарта аб'екта, з таго ж указу Лукашэнкі вядома, што будуецца рэзідэнцыя і паляўнічыя вальеры. Тыя ж, хто тут працуе, ніякай інфармацыі не даюць.

«Хай нас папярэдзіць наша начальства, што прыедзе здымаць тэлевізія. А мы не хочам, каб сёння здымалі», - кажа адзін з рабочых.

Днямі ж Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ, які таксама тычыцца зямлі ў прадмесці Менска. Дачнікам тут забароняць ствараць новыя садовыя таварыствы, нельга будзе прадаць лецішча, пакуль не пройдзе пяць гадоў з моманту ягонай пакупкі. Атрымліваецца, што правы сваіх абмяжоўваюць, чужынцам жа дораць зямлю.

«Гэта першы крок да таго, каб зямля з абодвух бакоў Менску, з абодвух бакоў абласных гарадоў стала фактычна ўласнасцю беларускага чынавенства на чале з Лукашэнкам», - кажа Анатоль Лябедзька.

І гэты працэс ідзе. Гісторыя з катарскім падарункам - нават ужо не першы званочак для грамадства і не першы прыклад, калі правадыр Беларусі распараджаецца дзяржаўнай маёмасцю як асабістай.

Апошнія навіны