BE RU EN

Новая база РФ у Беларусі можа з'явіцца ў 2015 годзе

  • 6.08.2014, 7:34

На ёй размесцяць знішчальнікі, здольныя наносіць удары ў радыусе 1500 кіламетраў.

На думку экспэртаў, такая тэхніка прызначаная не столькі для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі, колькі для дэманстрацыі сілы паблізу межаў з краінамі NATO, піша Deutsche Welle.

Вайсковае папаўненне

Аб планах сталай дыслакацыі з 2015 года ў Беларусі палка расейскіх знішчальнікаў Су-27 заявіў у красавіку на сустрэчы з Лукашэнкам міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Зрэшты рэгулярныя аблёты расейскай авіяцыяй беларускай тэрыторыі пачаліся ўжо ў гэтым годзе.

Паводле ўзаемнай дамоўленасці, у Беларусі знаходзяцца ад 4 да 10 знішчальнікаў Су-27, якія, з паведамлення Мінабароны Расеі, "нясуць баявое дзяжурства, забяспечваючы супрацьпаветраную абарону і недатыкальнасць паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы". У наступным годзе расейскія знішчальнікі павінны атрымаць "сталую прапіску" на беларускай зямлі, асталяваўшыся на новай расейскай вайсковай базе.

Базы і функцыі

Цяпер на тэрыторыі Беларусі працуюць дзве вайсковыя базы РФ. Першая з іх, 43-і вузел сувязі Вайскова-марскога флоту (ВМФ) Расеі ў Вілейцы (Менская вобласць), дзейнічае з 1964 года. Гэты аб'ект забяспечвае сувязь галоўнага штаба ВМФ з атамнымі падводнымі лодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Акрамя таго, вузел сувязі займаецца радыётэхнічнай выведкай і радыёэлектроннай барацьбой.

Другая база, радыёлакацыйная станцыя (РЛС) "Волга", размешчаная пад Баранавічамі (Берасцейская вобласць), хоць і пачала будавацца ў 1986 годзе, на баявое дзяжурства заступіла толькі ў 2003-м.

"Волга", з'яўляючыся станцыяй папярэджання аб ракетным нападзе, здольная выяўляць ракеты, а таксама касмічныя аб'екты на адлегласці 4800 кіламетраў. Гэтая РЛС таксама адсочвае рух падлодак NATO у Паўночнай Атлантыцы.

Дэманстрацыя сілы

Са слоў вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, абедзве расейскія базы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі, з'яўляюцца ў першую чаргу аб'ектамі тэхнічнымі, якія займаюцца пераважна выведкай, радыёлакацыяй і сувяззю. Абедзве яны пагадненнем ад 6 студзеня 1995 разам з зямельнымі надзеламі перададзеныя Расеі ў бязвыплатнае карыстанне на 25 гадоў.

Новая база, пра якую заявіў Сяргей Шайгу, кардынальна адрозніваецца ад двух існых. Бо, са слоў камандуючага ВПС Расеі Віктара Бондарава, у Беларусі плануецца размясціць полк (24 самалёты) Су-27СМ3. Гэтыя машыны, з'яўляючыся знішчальнікамі, здольныя несці бомбы, а таксама могуць у тры разы больш эфектыўна базавай мадэлі Су-27 працаваць па наземных мэтах.

Як адзначыў Аляксандр Алесін, вострай патрэбы ў размяшчэнні гэтых самалётаў у Беларусі няма. Ён звяртае ўвагу на тое, што машыны Су-27СМ3 маюць вялікія магчымасці для ўдараў па зямлі і далёкасць палёту да 1500 кіламетраў без дазапраўкі. "Гэтыя самалёты ў Беларусі - гэта хутчэй сігнал нашым суседзям у Польшчы і краінах Балтыі. Для абароны, думаю, яны тут залішнія. Для гэтых мэтаў тут стае нашай СПА", - мяркуе Аляксандар Алесін.

А што наўзамен?

У той жа час вайсковы аглядальнік нагадаў, што канчаткова пагадненне аб дыслакацыі новай расейскай авіябазы ў Беларусі пакуль не падпісанае. "Пастанова на вышэйшым палітычным узроўні прынятая, але, мабыць, штосьці забуксавала падчас прапрацоўкі дэталяў. Магчыма, ідзе торг", - выказаў меркаванне Алесін.

Паводле ягоных слоў, хоць Беларусь афіцыйна і дае базы для расейскіх частак бязвыплатна, напраўду краіна атрымлівае за гэта шэраг прэферэнцый. "Гэта адмысловы статус супрацоўніцтва, надзвычайныя крэдыты для эканомікі, ільготны кошт энэрганосьбітаў", - нагадаў экспэрт. Акрамя таго, з ягоных слоў, Беларусь не плаціць за вучэнні сваіх войскаў, якія праводзяцца на расейскіх палігонах Ашулук, Целямба і ў Калінінградскім умацаваным раёне. Што атрымае Беларусь за з'яўленне новай авіябазы, з ягоных слоў, не вядома.

Нюансы базавання

Экспэрт Андрэй Паротнікаў мяркуе, што дыслакацыя палка расейскіх знішчальнікаў у Беларусі на адной базе дагэтуль пад пытаннем. Ён звяртае ўвагу на негатыўную рэакцыю з нагоды гэтага кроку з боку Захаду, а таксама на магчымую незадаволенасць беларускіх вайскоўцаў. "Калі расейскія лётчыкі будуць дыслакавацца на адным аэрадроме з беларускімі, напрыклад у Баранавічах, розніца ў заробку ў 4-5 разоў будзе падрываць баявы дух беларускіх авіятараў", - адзначае экспэрт.

Аляксандр Алесін таксама ўвязвае з'яўленне новых расейскіх баз у Беларусі з актыўнасцю NATO каля межаў Расеі. Паводле ягоных слоў, калі NATO стане нарошчваць дыслакацыю сваіх сіл у Польшчы, Літве і Латвіі, не выключана, што ў Беларусі з'явяцца і іншыя расейскія базы. У прыватнасці, на экспэртным узроўні цяпер абмяркоўваюцца пытанні дыслакацыі на беларускай тэрыторыі франтавых бамбавікоў, комплексаў "Іскандэр" і ЗРК С-300.

Пры гэтым вайсковы аглядальнік заўважае, што Лукашэнка настолькі эканамічна залежны ад Расеі, што не зможа сур'ёзна перашкодзіць з'яўленню на сваёй тэрыторыі новых баз усходняга хаўрусніка.

Апошнія навіны