Студэнты ЕГУ збіраюць подпісы супраць звальнення выкладчыкаў-бунтароў
- 4.08.2014, 14:51
Звальненне нязгодных з палітыкай адміністрацыі выкладчыкаў шкодзіць іміджу ўніверсітэта.
Пра гэта студэнты Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта паведамілі сайту charter97.org.
«Мы, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, хочам выказаць сваё глыбокае расчараванне вынікамі адбору прафесарска-выкладчыцкага складу. На наш погляд, фактычнае звальненне выкладчыкаў, нязгодных з палітыкай адміністрацыі, падрывае давер да структур кіраўніцтва ўніверсітэта і непапраўна шкодзіць іміджу нашай альма-матэр.
Улічваючы, што прынятыя пастановы прывялі да звальнення кіраўніцтва Сэната і Прафзвязу, мы шчыра спадзяемся, што Камісія ўсведамляла магчымыя негатыўныя наступствы такіх кадравых перастановак для акадэмічнай супольнасці нашага ўніверсітэта.
Таксама хочам выказаць салідарнасць з тымі, хто да апошняга бараніў празрыстасць, адкрытасць і дэмакратычнасць прыняцця лёсавызначальных для нашага ўніверсітэта пастаноў», - гаворыцца ў звароце студэнтаў ЕГУ.
Нагадаем, адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта на мінулым тыдні апублікавала загад аб прызначэнні выкладчыкаў, якія прайшлі «ўнутраны адбор».
Згодна з пастановай рэктара Анатоля Міхайлава, ВНУ больш не зацікаўленая ў прадаўжэнні супрацоўніцтва з пяццю чальцамі Рады прафзвязу ЕГУ "EHUnion», у тым ліку - са старшынём прафзвязу і сэнатарам Аляксеем Крывалапам, ягоным намеснікам Канстанцінам Ткачовым, чальцом Рады прафзвязу і сэнатарам Андрэем Раленкам. Не будзе працоўных кантрактаў і з іншымі сэнатарамі - намеснікам старшыні Сэната Вольгай Шпарагай, сакратаром Сэната і сябрам Рады прафзвязу Андрэем Лаўрухіным, сэнатарам Максімам Жбанковым. Старшыня Сэната Павел Церашковіч быў звольнены без тлумачэння прычын яшчэ ў лютым гэтага года.
Выкладчыкі мяркуюць, што іх звольнілі паводле палітычных прычын.
Канфлікт адміністрацыі ўніверсітэта і выкладчыкаў ЕГУ, якія аб'яднаны ў прафзвяз «Платформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.