На выходных у Менску быў вясельны пярэпалах
- 31.08.2014, 21:38
Толькі ў ЗАГСе Цэнтральнага раёна за суботу-нядзелю зарэгістравалі адразу тры пары незвычайных маладых.
Таксама тысячны ў гэтым годзе шлюб зарэгістравалі сёння ў аддзеле ЗАГС Цэнтральнага раёна.
Як паведаміла карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости» начальніца аддзела ЗАГС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ганна Дубавец, сёлета тысячная пара рэгіструецца незвычайна рана: у папярэднія гады такая падзея здаралася зазвычай пад сярэдзіну верасня.
Павіншаваць маладых-тысячнікаў са стварэннем сям'і ад імя кіраўніцтва раёна прыбыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Эдуард Тамільчык. Ён зычыў маладым доўгага і шчаслівага супольнага жыцця, а таксама ўручыў кветкі і віншавальны ліст.
Самі маладыя Алена і Сяргей Яновічы аб тым, што іх пара стала тысячнай, даведаліся толькі падчас цырымоніі шлюбу. Яны прызналіся, што такая навіна іх прыемна здзівіла, і маладыя людзі бачаць у ёй добры знак.
Аднак не толькі тысячнай парай запомніцца работнікам аддзела ЗАГС Цэнтральнага раёна астатні ўікэнд лета. Учора тут адбылася ўрачыстая цырымонія залатога вяселля, а сёння раніцай ім давялося праводзіць рэгістрацыю шлюбу... у радзільным доме. Цырымонія мусіла адбыцца сёння ранкам у зале аддзела ЗАГС, аднак усхваляваны жаніх раніцай паведаміў, што ягоная нявеста ўночы нарадзіла дзіця. Супрацоўнікі аддзела ЗАГС Цэнтральнага раёна выехалі ў радзільню, дзе і правялі рэгістрацыю шлюбу.
Фота: Сяргей Шалега