BE RU EN

Жыццю Максіма Вінярскага пагражае небяспека

  • 31.08.2014, 16:24

Заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

У пятніцу, 29 жніўня, па надуманым падазрэнні ў Менску быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. З турмы, дзе ён утрымліваецца, дайшла дакладная інфармацыя, што яму пагражаюць расправай.

Дыктатарскі рэжым зладзіў за Максімам Вінярскім сапраўднае паляванне. За апошні час ён адбыў у турмах больш за 300 дзён, пастаянна падвяргаецца ціску і запалохванню, яго беспадстаўна спрабавалі папярэдзіць аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці.

Максім быў затрыманы праз два дні пасля візіту ў Менск Вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і яе сустрэчы з Лукашэнкам. Рэжым успрыняў гэтую сустрэчу на фоне бесперапынных арыштаў як сігнал для працягу рэпрэсій, утрымання ў турмах палітычных вязняў, уключаючы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча.

Не выпадкова рэпрэсіям адразу ж пасля візіту баранесы Эштан падвергнуўся менавіта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», грамадзянскай кампаніі, вядомай сваёй прыхільнасцю еўрапейскім каштоўнасцям і прынцыпам ненасілля.

Пасля шматлікіх арыштаў у Максіма Вінярскага з'явіліся праблемы са здароўем, у прыватнасці пасля сухой галадоўкі, якую ён трымаў падчас арышту напярэдадні чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску. Сёння яму пагражаюць гвалтоўнай расправай.

Мы звяртаемся да прадстаўніцтва Еўрапейскага Звяза ў Менску, да ўсіх пасольстваў дзяржаў-чальцоў ЕЗ, да амбасады ЗША, амбасады Украіны, за салідарнасць з якой змагаецца Вінярскі, звярнуць самую сур'ёзную ўвагу на гэтую сітуацыю, прадухіліць судовую і фізічную расправу над Максімам, запатрабаваць яго неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны