BE RU EN

Дональд Туск абраны старшынём Еўрапейскай Рады

  • 30.08.2014, 20:45

Пасаду кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі зойме Фэдэрыка Магерыні.

Пра гэта паведамляе польскі тэлеканал TVN24 са спасылкай на дэпутата Еўрапарламэнта Адама Шонфэльда.

Паводле слоў парламэнтара, старшынём Еўрапейскай Рады абраны прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, а кіраўніца МЗС Італіі Фэдэрыка Магерыні зойме пасаду кіраўніка дыпламатыі ЕЗ.

Інфармацыю аб абранні Туска таксама пацвердзіў цяперашні кіраўнік Еўрапейскай Рады Герман ван Рампэй.

«Абраны. Еўрапейская рада абрала прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска наступным прэзідэнтам Еўрапейскай Рады», - напісаў ён.

***

Дональд Туск у 2001 стаў адным з заснавальнікаў польскай партыі «Грамадзянская платформа», якая пільнуецца лібэральна-кансэрватыўнай ідэалогіі. З 2003 года - старшыня партыі. У 2005 годзе ўзначальваў яе на парламэнцкіх выбарах (партыя заняла другое месца, атрымаўшы 36,33% галасоў выбаршчыкаў, і засталася ў апазіцыі).

У 2005 удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, заняўшы другое месца ў другім туры (45,96%), саступіўшы Леху Качыньскаму.

21 кастрычніка 2007 года «Грамадзянская платформа» перамагла на пазачарговых парламэнцкіх выбарах. Значную ролю ў гэтым поспеху сыграла пераканаўчая перамога Туска ў тэледэбатах з прэм'ер-міністрам Яраславам Качыньскім.

16 лістапада 2007 года Туск быў прызначаны прэм'ер-міністрам Польшчы. На парламэнцкіх выбарах 2011 года партыя, якую ён узначальвае, заняла першае месца з 39,11% галасоў выбаршчыкаў і атрымала 206 месцаў у Сэйме. Партыя таксама атрымала большасць у Сэнаце.

Фэдэрыка Магерыні ў 2008 годзе абраная ў парламэнт Італіі; з'яўлялася сакратаркай IV-й камісіі (абарона) з 22 траўня 2008 да 12 кастрычніка 2010 года і з 13 кастрычніка 2010 года да 14 сакавіка 2013 года.

У 2013 годзе стала дэпутаткай наступнага склікання. 2 ліпеня 2013 года ўвайшла ў парламэнцкую дэлегацыю ў Парламэнцкай асамблеі NATO (з 1 жніўня 2013 года ўзначальвала яе); з 7 траўня 2013 года - сябра III камісіі (замежныя справы і сувязі з Еўразвязам), з 7 траўня 2013 да 21 лютага 2014 года - сябра IV камісіі (абарона), дзе замяшчала намесніка міністра замежных спраў Лапа Пістэлі.

22 лютага 2014 года Магерыні прыняла прысягу ў якасці міністра замежных спраў Італіі ва ўрадзе Матэа Рэнца.

Апошнія навіны