BE RU EN

Аналіз самапісцаў «Боінга» не выявіў пазаштатнай сітуацыі

  • 3.08.2014, 11:03

Кіраванне расследавання авіяцыйных здарэнняў Вялікай Брытаніі вывучыла запісы перамоваў пілота і чальца экіпажа з дыспетчарам.

Папярэдні аналіз запісаў малайзійскага «Боінга», што пацярпеў катастрофу на ўсходзе Украіны, паказвае на адсутнасць якой-небудзь пазаштатнай сітуацыі перад катастрофай. Аб гэтым піша The New Sunday Times са спасылкай на крыніцу, знаёмую з ходам міжнароднага расследавання, паведамляе РБК.

Упраўленне расследавання авіяцыйных здарэнняў Вялікай Брытаніі (AAIB) вывучыла запісы перамоваў пілота Boeing 777 і неўстаноўленага чальца экіпажа з дыспетчарам.

«Мяркуючы па тым, што пачула каманда [у расследаванні катастрофы], там [на борце «Боінга»] не было чагосьці незвычайнага. Апошні голас, які чутны [на запісе рэгістратара], належыць не пілоту. Не, не было нейкіх прыкмет таго, што пілоты ўбачылі ці адчулі нешта дзіўнае», - сказаў суразмоўца выдання.

«Гэта можа азначаць, што тое, што здарылася [з самалётам] - чым бы яно ні было - было вельмі нечаканым», - канстатуе газета.

Крыніца дадала, што першыя фактычныя высновы аб прычынах катастрофы Boeing 777 будуць апублікаваныя на наступным тыдні.

Боінг 777 Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў катастрофу ўвечары 17 ліпеня. Лайнер зваліўся ў ваколіцах вёскі Грабава Шахцёрскага раёна Данецкай вобласці. Усе 298 чалавек, што былі на борце, загінулі. Большасць ахвяраў катастрофы - грамадзяне Нідэрландаў.

Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Наві Піле прапанавала разглядаць знішчэнне самалёта як вайсковае злачынства.

ЗША афіцыйна абвінавацілі ў знішчэнні «Боінга» апалчэнцаў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР). «Мы ведаем, што самалёт «малайзійскіх авіяліній» быў збіты ракетай з зямлі. Мы ведаем, што яна была выпушчаная з тэрыторыі, якая кантралюецца сепаратыстамі, і ў той момант, калі ўкраінскія СПА не працавалі», - заявіў 26 ліпеня афіцыйны прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст.

З ягоных слоў, Расея і асабіста прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін датычныя да гэтай трагедыі. «Мы бачылі, што з боку Расеі на Украіну перакідваюць цяжкае ўзбраенне, якое пазней выкарыстоўвалі сепаратысты, якіх Расея вучыла карыстацца ім. Сярод гэтага ўзбраення былі і сродкі СПА. І мяркуючы па паведамленнях у сацыяльных сетках, там былі комплексы СА-11 [назва ЗРК «Бук»-М1 паводле класіфікацыі NАТО] Цяпер мы можам канстатаваць, што Уладзімір Пуцін і расейцы вінаватыя ў гэтай трагедыі», - сказаў Эрнэст.

Апошнія навіны