BE RU EN

Бясплатнымі роварамі ў Менску скарысталіся 10 тысяч разоў

  • 29.08.2014, 20:40

Арганізатары акцыі «Ровар за дзякуй» падвялі вынікі гэтага сацыяльнага праекта.

Група кампаній «А-100» пры падтрымцы Менскага веласіпеднага таварыства такім чынам адзначыла сваё 20-годдзе, паведамляе БелаПАН са спасылкай на аддзел PR і рэкламы кампаніі.

Урачыстае закрыццё веласезона правялі ў парку Перамогі. Пракат з 15 аранжавымі роварамі арганізатары акцыі перадалі Першамайскаму раёну сталіцы. Акрамя таго, дзесяць ровараў атрымаў менскі дзіцячы дом №7.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Ігар Кудрэвіч адзначыў, што яго структура імкнецца ствараць камфортныя ўмовы для жыхароў раёна і папулярызуе здаровы лад жыцця.

«Нам вельмі прыемна, што група кампаній «А-100» менавіта нашаму раёну робіць гэткі значны і важны падарунак. Упэўненыя, што велапракат будзе карыстацца добрым попытам сярод менчукоў», - паведаміў Кудрэвіч.

З ягоных слоў, падораныя раёну ровары можна будзе ўзяць на пракат у Севастопальскім парку.

Паводле звестак кампаніі А-100, за паўтара летніх месяца роварамі бясплатнага пракату скарысталіся амаль 10 тысяч разоў. Як адзначаюць арганізатары, часам ровары выдаваліся кожныя тры хвіліны. Акрамя беларусаў «за дзякуй» па цэнтры Менска пракаціліся жыхары 15 краін, у тым ліку далёкага замежжа: Лівіі, ЗША, Кітая, Вялікабрытаніі. Своеасаблівы рэкорд устанавіла Наталля Калеснікава, якая брала напракат брэндавы аранжавы ровар 28 разоў. Самай старэйшай веласіпедысткай за час праекта стала 82-гадовая пенсіянерка з Менска.

«Мы не ставілі перад сабой «напалеонаўскія» планы. Меркавалі, што калі ўдасца перасадзіць на ровар хаця б некалькі сотняў чалавек - гэта ўжо поспех. Выйшла інакш. Сёння мы ганарымся тым, што праект апынуўся сапраўды патрэбным і своечасовым», - сказала сябра назіральнай рады групы кампаній «А-100» Надзея Матвеенак.

Апошнія навіны