BE RU EN

Гамельчукі сабралі грошы для Лукашэнкі

  • 29.08.2014, 20:15

Актывісты прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці збіралі грошы на юбілей дыктатара. Ці хопіць іх на падарунак?

Збор сродкаў «да 20-годдзя аднаасобнага праўлення і да 60-годдзя чалавека, які трошкі вышэй за Бога», пачаўся 1 ліпеня - за два месяцы да дня нараджэння Лукашэнкі, піша «Салiдарнасць».

У Гомельскім рэгіянальным аддзяленні прафсаюза РЭП паставілі спецыяльна аформленую скрынку, у якую можна было кідаць толькі 50-рублёвыя купюры.

- Пяцьдзесят рублёў - гэта купюра, якую нельга размяняць, таму збіраем сродкі менавіта такога наміналу, - тлумачыў кіраўнік рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП Віктар Казлоў.

Па заканчэнні акцыі яе ініцыятары планавалі за сабраныя сродкі купіць падарунак або арганізаваць у Гомелі бяседу. Праз два месяцы высветлілася, што дасягнуць мэты - сабраць поўную скрынку грошай - не ўдалося.

- За 60 дзён мы назбіралі 1145 купюр, - распавёў Віктар Казлоў. - Гэта 57 250 беларускіх рублёў.

У сярэднім кожны дзень скрынка папаўнялася 20-ю купюрамі.

- Людзі з неахвотай вылучалі сродкі са свайго беднага бюджэту. На 50 рублёў сёння можна купіць 6 запалак. Але нават іх народ не хацеў ахвяраваць Аляксандру Рыгоравічу, - кажа ён.

Віктар Казлоў нагадвае, што ў 2000 годзе, калі ўводзіліся ў абарот банкноты вартасцю 50 рублёў, на іх можна было купіць 16 цэнтаў. Тады курс даляра складаў 320 рублёў.

- Атрымалася, што сабраная сума ў 2000-м склала б $183, а ў 2014-м - усяго толькі $5,5, - казаў суразмоўца. - Цяпер мы збянтэжаныя: у якім рэстаране можна закаціць бяседу, каб апрыходаваць 57 тысяч рублёў.

Са слоў Віктара Казлова, гэтай сумы хопіць роўна на бутэльку гарэлкі, «нават на сырок не застанецца».

- Калі мы адправім бандэроль з бутэлькай на адрас адміністрацыі прэзідэнта, гэты пакет ускрыюць і да адрасата ён не дойдзе, - упэўнены прафсаюзны лідэр. - Пакуль не пастанавілі, што з гэтымі грашыма рабіць.

Апошнія навіны