BE RU EN

Менская сустрэча стала катастрофай для Парашэнкі

  • 28.08.2014, 15:35

Украіна можа перамагчы, толькі калі Майдан перакінецца на суседнія краіны.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Вы шакаваныя наўпроставым уварваннем расейскага войска ва Украіну праз два дні пасля перамоваў у Менску?

- Наогул ужо да пачатку перамоў у Менску Расея пачала масаванае ўварванне, у выніку якога некалькі тысяч байцоў элітных батальёнаў украінскіх узброеных сіл і Нацыянальнай гвардыі апынуліся ў атачэнні. Я быў шакаваны, што нягледзячы на гэта, прэзідэнт Парашэнка прымчаўся ў Менск.

- Чаму напад адбыўся менавіта цяпер?

- Менская сустрэча для Парашэнкі і ўкраінскага боку стала сапраўднай катастрофай - дыпламатычнай, прапагандысцкай і, у канчатковым рахунку, вайсковай. Пра гэта Парашэнку папярэджвалі як лідэры дэмакратычных сіл Беларусі, так і многія ўкраінскія палітыкі і экспэрты.

Галоўнымі ньюсмейкерамі ў Менску былі дыктатары Пуцін і Лукашэнка. Парашэнка выглядаў слабым і бездапаможным, і Пуцін, як дасведчаны драпежнік, хутка «расчытаў» стан ахвяры. Адразу пасля перамоў ён аддаў загад аб масаваным наступе на ўзбярэжжы Азоўскага мора, каб прабіць калідор у Крым.

- Ідзе вайна. Чаму ва Украіне не ўводзіцца ўсеагульная мабілізацыя?

- На мой погляд, украінскае кіраўніцтва дрэнна разумее, што цяпер адбываецца. На постсавецкай прасторы ідзе барацьба сіл дыктатуры супраць дэмакратыі, імперыі супраць свабоды народаў, сіл цемры супраць дабра і міру. Прэзідэнт Украіны пастанавіў, што ён можа развязаць украінскі крызіс шляхам сяброўства з дыктатарамі і кулуарнымі дамоўленасцямі з галоўным агрэсарам, а не рашучымі вайсковымі дзеяннямі.

Украіна - самая вялікая постсавецкая краіна пасля РФ і ў вайне з агрэсіўнай імпэрыяй лідэр гэтай краіны мог бы стаць лідэрам усіх людзей дэмакратычных поглядаў у Беларусі, Казахстане, на Каўказе і ў самой Расеі.

- Замест гэтага ён абраў у якасці «міратворцы» дыктатара Лукашэнку. Як гэта стала магчымым пасля Еўрамайдану?

- Не толькі ў якасці міратворцы, але і ў якасці партнёра. Парашэнка проста напляваў на людзей, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў, якія змагаюцца за свабоду супраць дыктатуры. Ён заяўляе, што робіць гэта ў імя інтарэсаў Украіны, але рэч у тым, што нармальныя людзі і ў Беларусі, ва Украіне аднолькавыя. Юшчанка калісьці, стаўшы «адвакатам» і сябрам Лукашэнкі, спачатку страціў павагу беларусаў, а потым і ўкраінцаў. Нельга быць дэмакратам і еўрапейцам ва Украіне і сябрам дыктатараў за яе межамі.

Парашэнка зрабіў тры вельмі небяспечныя рэчы. Ён зняў шматгадовую блакаду з Лукашэнкі, напляваўшы на інтарэсы беларускіх дэмакратычных сіл. Ён легітымізаваў Еўразійскі саюз - гэты паказчык адраджэння імперскай структуру. Ён легітымізаваў Пуціна, які пасля знішчэння малайзійскага лайнера расейскімі вайскоўцамі быў па сутнасці персонай нон-грата ў Еўропе і свеце.

Кіраўнікі новай Украіны прадаўжаюць лінію Кучмы-Юшчанкі-Януковіча, і расплата за некампетэнтнасць і памылкі рушыла ўслед неадкладна.

- Што ўратуе Украіну?

- Ва Украіне вайна. Краіна зазнала напад моцнай, д'ябальскай вайсковай машыны. Трэба разарваць дыпламатычныя стасунуі з Расеяй. Трэба абвясціць усеагульную мабілізацыю, перавесці эканоміку на вайсковыя рэйкі. Украінцы адрозніваюцца высокім маральным і патрыятычным духам, але не можа так быць, што ў адной частцы краіны ідзе вайна і гінуць людзі, а большая частка насельніцтва прадаўжае паводзіць сябе так, як быццам нічога не здарылася.

Сёння Украіна павінна разлічваць толькі на самую сябе. Калі яна пратрымаецца год, то будзе міжнародная вайсковая дапамога, і Пуцін пацерпіць паразу. Калі ўкраінскія ўлады будуць спадзявацца, што незалежнасць і свабоду краіны можна адбараніць дыпламатычнымі гульнямі з удзелам дыктатараў, то ўжо да новага года ў краіне ў за стырном будуць зусім іншыя сілы.

Украіна можа перамагчы, толькі калі Майдан перакінецца на суседнія краіны.

- Ці варта спадзявацца на Захад?

- Парашэнка як бізнэсовец добра разумее, наколькі важная для ЕЗ праблема байкоту Расеяй еўрапейскіх прадуктаў. Ён падумаў, што ягонай дапамогі ў наладжванні стасункаў Еўропы з дыктатарскай Беларуссю будзе дастатковай.

Але для еўрапейскага палітычнага бізнэсу праблема празмернасці яблыкаў, сыроў і морапрадуктаў настолькі важная, што за яе не шкада аддаць Расеі ўсю Усходнюю Украіну.

- Што будзе рабіць Лукашэнка ва ўмовах адкрытай вайны паміж Расеяй і Украінай?

- Лукашэнка ў час сустрэчы ЕЗ-ТС-Украіна быў абсалютна шчаслівым. Такім жа шчаслівым, як Януковіч год таму, калі за ім і Еўропа бегала, і Пуцін 15 мільярдаў абяцаў даць. Складана ацэньваць вынікі працы Эштан за час яе кадэнцыі, але яна фармальна з'яўляецца першай лэдзі Еўропы, і яе поціск рукі можа мець самыя непрадказальныя наступствы для людзей, якія спрабуюць падмануць ЕЗ.

Гісторыя Януковіча паказала, што часам арэлі, якія гайдаюцца паміж Усходам і Захадам, абрываюцца і следам рушыць цвёрдая пасадка.

Апошнія навіны