BE RU EN

Украінскі кардынал: Калі ўлада заседзелася, то яе можна падагнаць пугай

  • 26.08.2014, 16:24

Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, памыляюцца, калі думаюць, што ўлада ад Бога дазваляе ім рабіць усё, што заўгодна.

Пра гэта заявіў украінскі кардынал, былы кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір (Гузар), піша сайт Крыница.info.

«Улада зыходзіць ад Бога, але людзі, якія ў гэты момант знаходзяцца ва ўладзе, павінны памятаць, што ўлада ад Бога - гэта святая рэч, што ёсць закон Божы. Бог не даў ім уладу рабіць, што яны хочуць. Бог дае ім магчымасць выконваць Божую ўладу - ўладу, якая зыходзіць ад Бога. Адным словам, тая ўлада, якая выконваецца ў адпаведнасці з Божай воляй, з Божым законам - гэта тая ўлада, якая зыходзіць ад Бога. А тое, што іншыя людзі сабе выдумляюць і прыпісваюць сабе, што яны маюць права вызначаць, што і як рабіць, - гэтая ўлада не ад Бога. Нельга казаць: «Мы вам загадваем, бо мы ад Бога», - сказаў кардынал Гузар.

«Улада - гэта адказнасць, якую Бог дае тым, хто яе павінен выконваць паводле законаў Божых. Калі тыя, хто пры ўладзе, пачынаюць рабіць тое, што ім падабаецца, яны губляюць права быць сапраўднай уладай», - адзначыў іерарх.

З ягоных слоў, найбольш дэмакратычны спосаб, калі ўлада пачынае парушаць закон Божы і ўсталёўваць свае правілы, гэта змяніць такую ўладу праз выбары.

«Але калі ўлада заседзелася, то яе можна і пугай падагнаць. У крайнім выпадку людзі са зброяй паўстаюць супраць улады. У гісторыі такія выпадкі бывалі, і такая крайняя сітуацыя можа быць», - дадаў кардынал.

Фота: zn.ua

Апошнія навіны