BE RU EN

Лукашэнка: А навошта мы бралі крэдыты?

  • 25.08.2014, 12:51

Дыктатар патрабуе, каб крэдытныя рэсурсы накіроўваліся выключна на праекты, што акупаюцца.

Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе аб пытанні выкарыстання кітайскіх крэдытных рэсурсаў, піша БелТА.

Лукашэнка нагадаў, што ў свой час Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла Беларусі крэдытныя рэсурсы ў суме $15-18 млрд пад розныя адсоткавыя стаўкі. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, дыктатар адзначыў, што хацеў бы пачуць, як асвойваюцца гэтыя сродкі, у якой суме яны ўжо атрыманы і якія праекты рэалізуюцца.

"У нас ёсць добрыя рэшткі крэдытных рэсурсаў, якія не выкарыстаныя, пад 2-3% гадавых, у тым ліку і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Хацелася б ведаць, куды першапачаткова мы гатовыя накіраваць гэтыя крэдытныя рэсурсы, - сказаў ён. - Натуральна, што накіроўваць трэба выключна ў акупныя праекты, і чым раней яны акупяцца, тым лепш".

Правадыр звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што грошы давядзецца вяртаць. Частка крэдытных рэсурсаў была выкарыстаная на мадэрнізацыю аб'ектаў у энэргетычнай, транспартнай сферах. Лукашэнка чакае адказу, як працуюць гэтыя прадпрыемствы. "Самае страшнае, калі мы мадэрнізуем вытворчасць, а затым, атрымаўшы прадукцыю, мы не будзем ведаць, куды яе падзець. Тады паўстане пытанне: а навошта мы бралі крэдыты, навошта выраблялі гэтую прадукцыю, і хто будзе вяртаць гэтыя крэдыты, калі прадукцыя не будзе знаходзіць збыту? - адзначыў ён. - Гэта падобна да злачынства. І першы злачынец будзе міністр".

Лукашэнка адзначыў, што чакае ацэнкі Камітэта дзяржаўнага кантролю ў гэтым пытанні.

Апошнія навіны