BE RU EN

23 гады таму Беларусь стала незалежнай

  • 25.08.2014, 9:15

25 жніўня 1991 адбылося гістарычнае паседжанне Вярхоўнага Савета БССР.

На ім быў прыняты закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі Вярхоўнага Савету БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанова «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР».

Тым самым фактычна была абвешчаная незалежнасць БССР.

Гістарычная сесія адбывалася на трэці дзень пасля краху путчу ГКЧП і праходзіла досыць вірліва.

24 жніўня на будучай плошчы Незалежнасці, якая тады яшчэ называлася плошчай Леніна, перад будынкам, у якім праходзіла пасяджэнне Вярхоўнага Савета, сабраліся дзесяткі тысяч чалавек.

Дэпутатамі апазіцыі Валянцінам Голубевым, Зянонам Пазняком і Галінай Сямдзянавай у залу, дзе ішла сесія, быў унесены бел-чырвона-белы сцяг.

За дзень да гэтай падзеі, 24 жніўня, старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч, які дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні.

Праз месяц, 19 верасня 1991 года, сесія Вярхоўнага Савета прыняла пастанову называць БССР надалей Рэспубліка Беларусь, у скарочаных назвах - Беларусь.

Тады ж была прынятая пастанова Вярхоўнага Савета аб дзяржаўных сімвалах, якімі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Апошнія навіны